Знаёмцеся: удзельніца ўсходнееўрапейскага конкурсу талентаў Аліна Едко

Шчыра кажучы, на ўсходнееўрапейскім конкурсе талентаў “Рамантычная экспрэсія”, які нядаўна праходзіў у Астраўцы, я не была. Адпаведна не бачыла і выступлення Аліны Едко з Варнян, як не бачыла дзясяткі іншых цікавых нумароў. Толькі пасля расказвалі, што гэтая ўдзельніца па-сапраўднаму здзівіла гледачоў і журы моцнай экспрэсіяй, арыгінальнай пастаноўкай і нямой размовай пры дапамозе рухаў, мімікі і жэстаў у сваіх танцах. Цікава, а якая гэтая дзяўчына ў паўсядзённым жыцці? За адказам на гэтае і іншыя пытанні мы і накіраваліся ў Варняны.


І адразу чакаў сюрпрыз. На фотаздымку, дзе Аліна танцуе, якая была змешчана ў нашай газеце, я бачыла дарослую дзяўчыну, мінімум адзінаццацікласніцу, максімум – студэнтку. А з парты насупраць на мяне глядзела вясёлымі вачыма юная сімпатычная вучаніца 9 класа, поўнасцю адпавядаючая свайму ўзросту і статусу. Што гэта – падманлівае вока фотааб’ектыва, майстэрства грыму ці чароўнае пераўтварэнне на сцэне?
–Не ведаю, – усміхаецца ў адказ на маю азадачанасць Аліна. – Проста, калі я танцую, стараюся адпавядаць і ўвасобіцца ў той вобраз, які хачу данесці да гледача. Магчыма, тады мне гэта ўдалося ў поўнай меры.
Захапляцца танцамі дзяўчына пачала яшчэ ў тым юным ўзросце, калі сябе не вельмі памятаеш. Пасля мама ёй расказвала, што, як толькі дзесьці гучала музыка, дзяўчынка станавілася ў позу і пачынала выконваць толькі ёй вядомыя танцы. З гадамі гэтае захапленне не толькі не знікала, а наадварот, узмацнялася. Таму ў трэцім класе – на той час сям’я Едко жыла ў Мінску – Аліна запісалася ў танцавальны гурток. Аднак праз год яны пераехалі ў Варняны, і адным з першых пасля пераезду пытанняў стала наступнае: дзе займацца танцамі? Неўзабаве дзяўчынка стала займацца ў харэаграфічным класе дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Вітольдаўны Клышко.
–Так атрымалася, што ў харэаграфічным класе я была адна – набор праводзіўся да мяне і пасля. А гэта двайная нагрузка, бо ўся ўвага кіраўніка накіравана толькі мне. У Мінску мы ставілі танцы і “адточвалі” іх. А тут – пазіцыі, станок… Прызнаюся, быў час, калі хацелася ўсё кінуць. Але мне вельмі падабаюцца танцы, ды і мама з Таццянай Вітольдаўнай знайшлі патрэбныя словы – і з гэтай слабасцю я справілася.
Пра конкурс “Рамантычная экспрэсія” Аліне расказаў бацька. Ён жа і прапанаваў паспрабаваць ёй свае сілы. Да гэтага былі шматлікія выступленні ў школьных і раённых мерапрыемствах. А тут – усходнееўрапейскі конкурс! Канешне ж, Аліна “загарэлася”.
–Выступала я ад школы мастацтваў. Ва ўмовах конкурсу былі розныя накірункі, але я выбрала народны, дзе выконвала іспанскі танец, і мадэрн – танец “Пастка”. Калі першы нумар – больш класічны і спакойны, то “Пастка” – вельмі цікавы і эмацыянальны танец. У гэтым нумары хацела паказаць чалавека, які трапіў у пастку і змагаецца з цёмнымі сіламі. Ён вельмі хоча выбрацца, а яму не ўдаецца. Праўда, не ведаю, ці ўсе зразумелі сэнс гэтага танца, але я вельмі старалася.
Дарэчы, стараецца Аліна не толькі танцаваць. Нягледзячы на занятасць, яна выдатніца ў школе і актывістка ў культурна-масавых мерапрымствах. А яшчэ дзяўчына захапляецца спортам. З задавальненнем гуляе ў валейбол і баскетбол, катаецца на лыжах, а па тэлебачанню любіць глядзець біятлон і “хварэць” за нашых. Калі ж была меншай, разам з братам рэгулярна прыходзіла на стадыён і гуляла ў футбол. Ну і што, што адна дзяўчына сярод хлопцаў? Аддаваць пасы і забіваць галы ў яе атрымлівалася не горш за іншых. Зараз, як тлумачыць Аліна, стала больш дарослая, ды і часу не хапае – заняткі, танцы, падрыхтоўка да экзаменаў… Ды толькі гарэзлівыя іскрынкі ў вачах дзяўчыны падказваюць, што яна, напэўна, і цяпер не супраць паганяць мяч.
Наогул, няўзброеным вокам бачна, што Аліна – аптымістка з разнастайнымі захапленнямі і багатым унутраным светам, якая хоча дасягнуць сваёй мэты ў жыцці. А асабіста мне яна нагадала сонечнага зайчыка – такая ж вясёлая, няўрымслівая і жыццярадасная.


Марына МАЦКЕВІЧ.