Жыццёвая гісторыя: чаму шанцуе былым двоечнікам
Неяк прыехаў ён у свой гарадок, запрасіў аднакласнікаў… Не на яхту, вядома, – дзе ж паставіш тую яхту на іх рэчцы-пераплюйцы? Але самы круты рэстаран у горадзе заказаў і пачастункі, якія душа жадала.
– Як гэта табе ўдаецца, Вася? – сталі дапытвацца сябры. – Ты ж увесь час кантрольныя ў нас спісваў…
– І заўважце: так, што ніхто ніколі не злавіў! – засмяяўся Вася. – І цяпер так жыву. Вы ж ведаеце: дурням шанцуе…
І стаў расказваць:
– Нядаўна быў выпадак. Прыйшлі да мяне на фірму. Я яе ўжо закрываць збіраўся і за электрычнасць не плаціў. А тут энерганагляд. Дамовіцца не атрымалася – адключылі святло. А як сёння без электрычнасці? Хоць бы тыдзень які пратрымацца, каб закрыцца па ўсіх правілах. Ну, паглядзелі, хто ў суседзях, бачым – царква побач. Дамовіліся з бацюшкам, падключыліся ад іх. А назаўтра зноў інспектара чорт прыносіць. А ў нас усе камп’ютары працуюць, чайнік закіпае… «Адкуль электрычнасць?» – пытаецца. «Ад Бога», – шчыра прызнаюся. Пакруціў галавой, пахадзіў, паглядзеў – не знайшоў увод. Пайшоў. Ну, думаю, зараз жа зноў прыцягнецца… Хуценька запісаў на дыктафон гук працуючага дызельгенератара. Сказаў сваім уключаць, як толькі нехта чужы парог пераступіць. Доўга чакаць не давялося: не прайшло і гадзіны – з’яўляюцца ўжо ўтраіх. «Прызнавайся, кажуць, адкуль падключыўся, самі знойдзем – горш будзе». «Ды што вы, – кажу, – нібы ў пячорны век жывеце? Чуеце – у падвале генератар працуе. Трэба ж мне вашу плацёжку на штраф у банк адправіць! А як без камп’ютара?» Прыслухаліся – праўда, працуе генератар. Пакруцілі носам дый пайшлі. А я ўсе справы закончыў, фірму закрыў ды, памаліўшыся, пакінуў той офіс. На мой век іншых хопіць.
Пасмяяліся сябры, пацокалі языкамі: і праўда – дурням шанцуе!
А мо, і не зусім дурням?
