Журналісцкая перамога Эдуарда Свірыда
На штогадовым пасяджэнні – падвядзенні вынікаў працы абласных і раённых газет і тэлерадыёкампаній, якое ў чацвер праходзіла ў горадзе Гродна, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і дыпламантаў абласных творчых конкурсаў.
Сярод узнагароджаных творчых супрацоўнікаў газет, радыё і тэлебачання засвяцілася і зорка журналіста “Астравецкай праўды” Эдуарда Іванавіча Свірыда, які на абласным конкурсе стаў адным з пераможцаў, атрымаў дыплом і грашовую прэмію.
У гэтым годзе тэрмін узнагароджання быў перанесены на восень – менавіта восенню выйшла першая газета на тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай вобласці. Узнагароджанне праходзіла ў Новым замку, і не было, як звычайна, прэзідыума і дакладу. А вакол журналістаў, якія напоўнілі старажытную залу замка, правілі баль класічная музыка і добры настрой.
Намінацый, як заўсёды, было некалькі. І, як звычайна, у кожнай – тры пераможцы. А яшчэ напружанне – ніхто не ведаў, каму ж у гэтым годзе выпадзе шчасце стаць лаўрэатам.
Калі чарга дайшла да намінацыі “Лепшы журналіст абласных і раённых газет, радыё і тэлебачання”, на сцэну падняўся Аляксандр Уладзіміравіч Богуш, патрыярх журналістыкі Гродзеншчыны, дацэнт кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
– Я вельмі рады сустрэцца з вамі, таму што я таксама журналіст, хаця цяпер і працую выкладчыкам універсітэта. Але мне часта прыходзіцца займацца аналізам вашых твораў, і павінен сказаць, што ў сваёй большасці журналісты адчуваюць і ўсведамляюць тую адказнасць, якая кладзецца на іх плечы, – сказаў Аляксандр Уладзіміравіч. – Прафесія журналіста неабходна грамадству і самае галоўнае – гэта самая публічная прафесія. Кожны дзень сустракацца з людзьмі, расказваць пра іх лёсы – гэта вялікая адказнасць. Таму я рады быць сёння сярод вас і выконваць такую высакародную місію – узнагароджваць лепшых з лепшых.
Ну, а мы рады, што сярод узнагароджаных – супрацоўнік “Астравецкай праўды” Эдуард Свірыд. Эдуард Іванавіч доўга ішоў да свайго сапраўднага прызвання – журналістыкі. А вось шлях да прызнання аказаўся нашмат карацейшым. Спачатку яго журналісцкія творы па вартасці ацанілі калегі і чытачы, а цяпер прыйшла заслужаная ўзнагарода. Будзем спадзявацца, што не апошняя!
Алена ЯРАШЭВІЧ.

