Жители Островецкого района приняли активное участие в Республиканском субботнике
20 красавіка прайшоў Рэспубліканскі суботнік. У Астравецкім раёне ўдзел у ім прынялі 8306 чалавек, што склала 81% працаздольнага насельніцтва раёна. Для пералічэння налічана 74 369 000 беларускіх рублёў. Удзел у суботніку прынялі таксама пенсіянеры, беспрацоўныя, вучні школ.Падчас суботніка ўвага была ўдзелена добраўпарадкаванню населенных пунктаў раёна, лесапаркавай зоны Астраўца, ачыстцы берагоў рэк і вадасховішчаў ад бытавога смецця, прыведзены ў належны стан месцы пахаванняў воінаў.
Усе арганізацыі навялі парадак на сваіх дваровых тэрыторыях, правялі абрэзку дрэў, адрамантавалі агароджу, пафарбавалі фундаменты адміністрацыйных будынкаў.
Падчас суботніка супрацоўнікі аддзела адукацыі працавалі ў дзіцячым аздараўленчым летніку “Ластаўка”, наводзілі парадак вакол будынка цэнтра карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі ў Астраўцы, прыводзілі ў належны выгляд прышкольныя тэрыторыі.
Працаўнікі лясной гаспадаркі прыбіралі лясы і зоны адпачынку ўздоўж аўтамабільных дарог. Па ініцыятыве адміністрацыі лясгаса, аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама ў раёне пачаўся “Тыдзень лесу-2013” – ва ўсіх лясніцтвах раёна прадстаўнікі працоўных калектываў, члены пярвічных арганізацый “Белая Русь” і БРСМ, а таксама супрацоўнікі Беларускага прадстаўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “НІАЭП”, вучні і настаўнікі школ раёна выйшлі на пасадку лесу.
Працаўнікі дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №159 фарбавалі масты, прыбіралі прыдарожныя палосы, а таксама прывялі ў парадак тэрыторыю адміністрацыйнага будынка – 105 чалавек пералічылі ў фонд суботніка 5 мільёнаў рублёў.
Супрацоўнікі ўстановы аховы здароўя “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца” наводзілі парадак на тэрыторыях медыцынскіх устаноў. У суботніку прынялі ўдзел 568 чалавек, якія ў фонд суботніка пералічылі 14 200 000 рублёў.
Актыўны ўдзел у суботніку прынялі ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай” – яны прыбралі брацкую магілу на станцыі Гудагай і прынялі ўдзел у пасадцы лесу ў Катлоўскім лясніцтве.
Работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна працавалі на падборцы камянёў, добраўпарадкаванні тэрыторый малочна-таварных ферм, майстэрняў, адміністрацыйных будынкаў.
Вучні і педагогі Гудагайскай сярэдняй школы добраўпарадкавалі тэрыторыю, на якой размешчаны лагатып “Квітней, Беларусь!”, яны таксама прынялі ўдзел у пасадцы лесу ў Гервяцкім лясніцтве.
Варнянскія школьнікі і педагогі навялі парадак на брацкай магіле ў Варнянах. Супрацоўнікі Кямелішкаўскага сельвыканкама, вучні і педагогі мясцовай школы добраўпарадкавалі тэрыторыю масавага пахавання расстраляных яўрэяў у вёсцы Кямелішкі. Супрацоўнікі Міхалішкаўскага сельвыканкама прыбралі магілу К.А. Гімбіцкага, а вучні і настаўнікі Міхалішкаўскай школы добраўпарадкавалі помнік загінуўшым землякам і памятны знак загінуўшым лётчыкам і авіятэхнікам Пастаўскай авіяцыйнай школы.
І ўсе разам мы зрабілі нашу Астравеччыну яшчэ больш прыгожай і квітнеючай!