Здымачная група тэлеканала “Беларусь1” працавала ў Астравецкім раёне
Здымачную групу зацікавілі некалькі астравецкіх цікавостак, інфармацыю аб якіх яны пачэрпнулі ў тым ліку і з публікацый «Астравецкай праўды». Святлана Бароўская пазнаёмілася – і неўзабаве пазнаёміць усіх жыхароў Беларусі – з ветэранамі астравецкага міні-футболу на чале з адданым аматарам гэтага віду спорту Вадзімам Вянгроўскім, майстрам спорту міжнароднага класа па паўэрліфтынгу Тамарай Біцкевіч і юным рэкардсменам у гэтым відзе спорту Эрыкам Перавязкам, пераможцам раённага спаборніцтва на лепшае навагодняе ўпрыгожванне падвор’я Ларысай Нарэйка, астравецкімі леснікамі.
– Мне цікавы кожны кавалачак Беларусі, бо ўсюды жывуць нашы людзі. Дайце мне любую вуліцу, шматпавярховы дом – і мы знойдзем, пра што расказаць. Бо ў кожнага чалавека свая гісторыя – захапленне, сям’я, работа, дзеці, каханне, кожны цікавы і ўнікальны, кожны – цэлы Сусвет. Па вялікім рахунку, мы здымаем сюжэты не пра футбол, паўэрліфтынг ці калядныя вянкі, а пра людзей. Упэўнена, што нехта, паглядзеўшы перадачу, захоча заняцца спортам ці ўпрыгожыць свой дом не горш, чым Ларыса Нарэйка – і гэта цудоўна! – сказала Святлана Бароўская.
Сюжэты, знятыя ў Астравецкім раёне, выйдуць суботнімі ранкамі 20 снежня і 24 студзеня на тэлеканале «Беларусь 1».Ніна АЛЯКСЕЕВА.
