Заветное желание: хочу быть смартфоном!

– Мама, мама, пячы шарлотку! У мяне сёння тры дзявяткі! – з парога закрычаў Дзяніска. – Па матэматыцы, пісьме і фізкультуры!

547049.jpg

– Малайчына! – адарваўшыся на хвіліну ад тэлефона, цмокнула сына ў шчаку маці. – Але шарлотка сёння наўрад ці атрымаецца, хіба што на выхадныя. Я моцна занятая… Там на кухні пельмені, цёплыя яшчэ, мый рукі і вячэрай.
І мама зноў паднесла да вуха трубку:
– Дык што ён табе сказаў? Вось жа гад! Але ты не бядуй, мы нешта прыдумаем…
Дзяніска ўздыхнуў і паплёўся на кухню.
Там ужо сядзеў са смартфонам у руках тата: на маніторы стралялі танкі, на твары бацькі ўсмешка змянялася ярасцю, а на месца яе прыходзіў азарт.
– Тата, а калі мы пойдзем на каток? – нехаця жуючы пельмень, пацікавіўся хлопчык. – Ты ж абяцаў…
– Ой, ды ці мала я каму што абяцаў! – адмахнуўся бацька. – Спраў зараз шмат. Можа, як-небудзь пазней, – і зноў уткнуўся ў смартфон.
Прыўзняты настрой некуды знік. Панурыўшыся, Дзяніс паплёўся ў свой пакой.
– Сын, а ты ўжо напісаў пісьмо Дзеду Марозу? – набіраючы паведамленне ў Вайберы, між іншым запытала яго мама. – Што ты хочаш, каб ён табе прынёс пад ёлачку? Можа, тэлефон? Сучасны, з усімі наваротамі, як у Паўліка? – падміргнула яна сыну.
– Не ведаю, – паціснуў сын плячыма і прычыніў за сабою дзверы. 
Ранкам, збіра­ю­чы­ся ў школу, Дзяніс працягнуў маме скла­дзены лісток.
– Я напісаў пісьмо Дзеду Марозу, толькі ў мяне няма канверта, каб яго адправіць. Можа, ты зможаш?
– Абавязкова, – жанчына паклала пісьмо ў сумачку.
– Толькі не чытай! – строга папярэдзіў Дзяніс. – Ты сама казала, што нельга чытаць чужыя лісты.
– Ну што ты, сынок, як можна, – усміхнулася мама.
Вечарам Дзяніс затрым­лі­ваўся на трэні­роўцы. Мама ж, наадварот, прыйшла дахаты раней. І адразу падалася на кухню замешваць цеста на шарлотку.
– Чым гэта ў нас так смачна пахне? – пераступіўшы парог, павёў носам бацька. 
– О, дык у нас сёння на вячэру прысмакі? – агледзеўшы прыгожа накрыты стол, здзівіўся ён. – З якой нагоды? І чаму ты заплаканая? – угледзеўшы жончыны чырвоныя вочы, устрывожыўся муж.
– А ты пачытай, што просіць у Дзеда Мароза твой сын, – паклала яна на стол спісаны дзіцячым почыркам аркушык са сшытка ў клетачку.
«Добры дзень, дарагі Дзядуля Мароз, – прабег вачыма па няроўных радках бацька. – Мама параіла мне папрасіць у цябе тэлефон. Але я хачу іншага. Вельмі прашу, калі толькі можаш, то зрабі ты мяне самога смартфонам! Толькі самым новым і сучасным! Калі ласка! Мне гэта вельмі трэба! Тады мама будзе размаўляць са мной цэлы дзень і вечар, тата стане гуляць са мной ва ўсе гульні, а сябры не захочуць расставацца са мной ні на хвілінку. І тады я буду ўсім патрэбным, цікавым і карысным».
…На Новы год у дзянісавай кватэры пад ёлкай ляжалі тры пары новенькіх канькоў – для мамы, таты і сына. А назаўтра яны ўтраіх выправіліся на каток, дзе коўзаліся  амаль дзве гадзіны. Мама першы раз стала на канькі і вельмі баялася, Дзяніска яе падтрымліваў, а тата смяяўся, назіраючы, як яны, узяўшыся за рукі, спрабавалі адарвацца ад борціка. 
Пасля яны разам пілі ва ўтульнай кафэшцы гарачы шакалад з круасанамі. А потым яшчэ каталіся на цюбінгу з горкі і, расклаўшы ў прыдарожным лесе агеньчык, смажылі на ім сала – тата казаў, што так рабілі ў яго дзяцінстве і што смачней гэтага нічога ў свеце няма. І Дзяніс пагадзіўся: сапраўды, смажанае на вогнішчы сала нават смачней, чым гарачы шакалад. А галоўнае: цэлы дзень ні ў таты, ні ў мамы не зазванілі тэлефоны – яны пакінулі іх дома.
…Такога шчаслівага Новага года ў хлопчыка яшчэ не было. «А вось і добра, што Дзед Мароз не атрымаў маё пісьмо, – засынаючы са шчаслівай усмешкай, падумаў Дзяніс. – Не хачу я быць смартфонам – бо як жа тады сала, цюбінг і канькі?»
Текст: Нина Рыбик