Заседание районного совета профилактики прошло в форме "круглого стола"
На мінулым тыдні прайшло пашыранае пасяджэнне раённага савета прафілактыкі, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых у пытаннях прафілактыкі структур. Пасяджэнне прайшло ў форме “круглага стала”, работу якога ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага савета прафілактыкі Віктар Збігневіч Свіла. Падчас абмеркавання вынесенных на разгляд пытанняў кожны мог выказаць уласныя думкі па ўзнятых праблемах.
Пачалося пасяджэнне з абмеркавання стану законнасці і правапарадку, пытанняў прафілактыкі бытавой злачыннасці ў нашым раёне. З інфармацыяй аб стане злачыннасці ў горадзе і раёне выступіў намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Мікалай Яраслававіч Халецкі. На першы погляд, сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам значна палепшылася: паменшылася колькасць злачынстваў і правапарушэнняў.
І тым не менш, на думку намесніка пракурора Дзмітрыя Анатольевіча Дамарада, праблемы ў прафілактычнай рабоце ўсё ж застаюцца. І ў першую чаргу яны заключаюцца ў тым, што вопытныя ўчастковыя інспектары звальняюцца са службы, на іх месца прыходзяць маладыя спецыялісты, і пакуль яны ўвойдуць у курс спраў, шмат вады сцячэ – а злачынцы “не спяць у шапку”.
Падчас пасяджэння было разгледжана пытанне аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца ў месцах пражывання асоб, што працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС. Аддзел унутраных спраў цесна супрацоўнічае са службай бяспекі Беларускага прадстаўніцтва ААТ “НІАЭП”, кіраўніцтвам падрадных арганізацый – і тым не менш правапарушэнні і злачынствы з удзелам прыезджых работнікаў, што пражываюць у інтэрнатах, маюць месца.
Пра дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі,накіраванай на папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў грамадзян на тэрыторыі Гудагайскага сельсавета, расказала старшыня Гудагайскага сельвыканкама Марыя Іванаўна Безляповіч. Яна ахарактарызавала стан работы па розных накірунках прафілактыкі і спынілася на праблемах органаў мясцовай улады, якія ўзнікаюць у сувязі з пашырэннем тэрыторыі сельсавета. Сёння ў яго склад уваходзіць 56 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 4100 жыхароў – і гэта стварае пэўныя цяжкасці ў рабоце.
Асобна было выдзелена пытанне пажарнай бяспекі. За бягучы год на пажарах, што адбыліся на тэрыторыі раёна, загінулі тры чалавекі – і ўсе яны адносяцца да катэгорыі неабароненых слаёў насельніцтва: два інваліды і адзін пенсіянер. Пра апошні пажар, які здарыўся ў раёне напярэдадні пасяджэння савета прафілактыкі, 7 кастрычніка, у Трокеніках і на якім загінуў чалавек, расказаў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Канстанцінавіч Дыдышка.
Падчас пашыранага пасяджэння быў абмеркаваны шэраг іншых пытанняў. Па ўсіх разглядаемых пытаннях удзельнікі савета прафілактыкі прынялі адпаведныя рашэнні.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
