Зарыбление Мальского водохранилища

1

Чатыры гады таму раённае аддзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў узяло ў арэнду Мальскае вадасховішча. І ў адрозненне ад большасці арандатараў, вырашыла не толькі карыстацца прыродным багаццем, але яшчэ і папаўняць яго: кожную восень на працягу апошніх трох гадоў вадасховішча папаўняецца жывой рыбай, закупленай у Сольскай рыбаводчай гаспадарцы.


–Не магу сказаць, што зарыбленне вадаёма, які мы арандуем, прыносіць нам адчувальную эканамічную выгаду, – каменціруе сітуацыю старшыня таварыства Іван Іванавіч Мушніцкі. – Грошы, якія мы атрымліваем ад продажу пуцёвак на рыбалку, па сутнасці, толькі пакрываюць выдаткі на набыццё рыбы. Затое задавальненне ад рыбалкі – неапісальнае! Сёлета, да прыкладу, член нашага таварыства выцягнуў карпа вагой 16,8 кілаграма. Вось гэта былі эмоцыі!
Чарговы выпуск рыбы ў Мальскае вадасховішча быў праведзены на мінулым тыдні – у Мальскае вадасховішча трапіла 600 кілаграмаў карпа (кожная рыбіна па 300-400 грамаў) і 20 кілаграмаў белага амура.
–Вадаём пачынае зарастаць травой і водарасцямі, – працягвае старшыня раённага аддзялення. – І для яго натуральнай ачысткі ў першай палове лістапада мы плануем запусціць яшчэ 500 кілаграмаў белага амура, які, спадзяемся, з’есць лішнюю зеляніну.


--------------
Ганна ЧАКУР.