Заливает!

У аўторак зранку ў рэдакцыю патэлефанавала сплаканая жыхарка дома № 39А па вуліцы Валадарскага Ванда Вацлаваўна Буранкова.


– Калі можаце, прыедзьце, паглядзіце, што робіцца ў нас у кватэры пасля ўчарашняга дажджу! На даху забіты сцёк ліўневай каналізацыі, і ён ператварыўся ў карыта, дзе сабралася мора вады. І зараз уся яна ідзе ў нашы кватэры – №№ 17 і 19. Мы цэлую ноч не прыляглі ні на хвіліну, спрабуючы выносіць ваду з кватэр, у камунгас званілі, дык нам сказаў дзяжурны, што зараз ноч і ўсе спяць. А мы ж ужо пажылыя хворыя людзі, у нас сілы няма змагацца са стыхіяй. Дапамажыце!


Паспрабавалі патэлефанаваць камунальнікам і мы. Дырэктар РУП ЖКГ А.Б. Стурліс паведаміў, што ведае пра бяду жыхароў дома № 39А. Там сапраўды забілася сцёкавая каналізацыя з даху, прычым вельмі сур’ёзна.


– Прачысціць яе не ўдалося, – паведаміў Аляксандр Браніслававіч. – Зараз адправілі туды зваршчыкаў, якія павінны выразаць забіты ўчастак і спусціць ваду. Пра вынікі мы паведамім дадаткова.

Праз некаторы час А.Б. Стурліс паведаміў, што сцёк прачышчаны – ён быў забіты будаўнічым смеццем, і вада спушчана.
Але як сказала Ванда Вацлаваўна, жыхары дома ўжо неаднойчы скардзіліся камунальнікам на забіты сцёк. Толькі, пакуль стаяла добрае надвор’е, ніхто не спяшаўся яго чысціць. Чакалі, пакуль грымне гром – сапраўдны. І пойдзе лівень – такі, як учора. І ў кватэрах узнікне сапраўдны патоп…