Заискрились юные таланты

Прызнаюся шчыра, заўсёды белай завісцю зайздросціла тым, хто ўмее рабіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Сапраўднае свята чакала тых, хто трапіў на раённы агляд-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што праходзіў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Вочы разбягаліся ад убачанага – сапраўдныя шэдэўры мастацтва прадставілі ўсе школы раёна.

З вялікай колькасці вырабаў выбраць толькі некалькі вельмі складана. І ўсё ж падчас агляду журы выбрала некалькі работ з розных школ раёна і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія і адправіліся на занальны этап абласнога конкурсу “Прывітанне, свет!”, што праходзіў у Ашмянах.
Цудоўныя вырабы з саломкі і дрэва, дэкупаж, вязаныя цацкі, самаробныя лялькі і вышываныя падушкі, выцінанкі, бацік, тканыя паясы і сурвэткі, цудоўныя карціны і малюнкі. Шэдэўры, выкананыя рукамі нашых школьнікаў, уразілі і членаў абласнога журы. Таму і не дзіўна, што з вялікай колькасці падзелак і карцін, строгае журы выбрала 6 падзелак нашых рабят. У гэты пералік трапілі “Залатая курачка” выхаванцаў гуртка “Залаты вернісаж” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (В.В. Віннічак), падушкі на канапу “Родныя матывы”, выкананыя вучнямі Спондаўскай школы пад кіраўніцтвам А.З. Памецька, і цудоўныя самаробныя лялькі выхаванцаў гуртка “Чароўная пацерка” і “Рукадзелле” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік – Н.В. Рынковіч).
Віншуем!


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.