Заўважана мімаходзь: дараслі да кафэ

Фото Kevin Bidwell, Pexels

Фото Kevin Bidwell, Pexels

Даўнавата, гадоў дзясятак ці нават болей таму, прыязджала да мяне сяброўка юнацтва з Адэсы. Вядома ж, у чаканні рэдкай і дарагой госці я «ўключыла гаспадыню» і стала варыць-смажыць-тушыць.

– Не займайся глупствам! Я ж не есці сюды прыехала, а пабачыцца-пагаварыць, – паспрабавала спыніць мяне Таццяна. – Пайшлі лепш пасядзім дзе-небудзь, – прапанавала альтэрнатыву.

– У сэнсе? – не адразу зразумела я. – Дзе пасядзім?

– У кафэ ці ў рэстаране, – паціснула яна плячыма. – Ёсць у вас нешта падобнае? 

– Ёсць, – разгубілася я. – Але проста так пайсці туды пасядзець… Вечарам… Удваіх… Пры маёй пасадзе… Ды яшчэ калі віна захочам выпіць… Не зразумеюць!

Не зразумелі і мы адна адну: я – Таню, яна – мяне: маўляў, што такога крамольнага прапанавала?

Не так шмат часу мінула, і вось ужо я, не баючыся, што няправільна зразумеюць, прызначаю ў кафэ сустрэчы сваім героям, каб узяць у іх інтэрв’ю: зручна, утульна, прыемна…

Ды што там, нядаўна старэйшая сястра расказала, што запрасіла сяброў у кафэ, каб выпіць па кубачку кавы і пагаварыць…

Дзякаваць богу, дараслі! 

Текст: Нина Рыбик