За што Яніна Ярмак дзякуе Руслану Сачко
– «Астравецкая праўда» для нас, вяскоўцаў, – амаль што адзіная сувязь з вялікім светам, асабліва цяпер, у зімовы час. Бачу, рубрыка ў вас цікавая з’явілася – «Чым жывеш, вёска?» Можна, і я для гэтай рубрыкі нешта скажу?
У нас пасля снежаньскіх снегападаў вёску замяло – не расказаць. Грэйдзер прачысціў дарогу, але вароты ды веснічкі закідаў. Калі ёсць каму расчысціць снег, той вызваліўся са снежнага палону. А што нам, старым, рабіць? Як да аўталаўкі выйсці? Не пералезці праз гэтыя гурбы…
Пагаманіўшы адзін з адным па тэлефоне, вырашылі мы расказаць пра сваю бяду выконваючаму абавязкі старшыні Гервяцкага сельвыканкама Руслану Сачко. Разумелі, што хапае ў кіраўнікоў і без нас клопатаў, але ж...
І былі прыемна здзіўлены, калі ў той жа дзень у Завельцы прыйшоў трактар. І так хораша, акуратна ўсё расчысціў! Выратаваў са снежнага палону і мяне, і Уладзю Палачанскую, і 90-гадовую Геню Багданаву. Вельмі просім, каб вы перадалі нашу падзяку Руслану Мікалаевічу і трактарысту – на жаль, не здагадалася прозвішча яго спытаць. Некаторыя цяпер усяляк на ўладу гавораць, а во ж, бачыце: памятаюць пра нас, старых, прыслухоўваюцца, дапамагаюць.
Выконваем просьбу Яніны Іванаўны і ад імя жыхароў Завельцаў дзякуем выконваючаму абавязкі старшыні Гервяцкага сельвыканкама Руслану Сачко за ўвагу да пажылых людзей і клопат пра іх.
А іншым вяскоўцам хочам нагадаць: калі ў вас ёсць інфармацыя для рубрыкі «Чым жывеш, вёска?» – пішыце і тэлефануйце ў рэдакцыю!
