За што палюбіла Астравец Людміла Іваненка


– Астравец стаў маім горадам у 1990 годзе. Ці нават у 1989-м? Менавіта тады мы з сяброўкай Валянцінай Верабей і яе мужам Пятром адправіліся сюды ў пошуках чыстага ад радыяцыйнага забруджвання месца, куды можна было б пераехаць з пацярпеўшых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Хойнікаў.

Там я працавала радыёлагам на малочным заводзе і ведала, якое малако паступае да нас на перапрацоўку з калгасаў, у якім пяску бавіцца мой чатырохгадовы сын Сярожа, які радыяцыйны фон у паветры і ў зямлі. Едучы ў Астравец, узяла з сабой адпаведны прыбор. Мы мералі фон пяску, заходзілі ў лес, правяралі дрэвы, ігліцу пад імі – і не верылі, што такія паказчыкі ў Беларусі могуць быць. А прыгажосць якая! А магчымасць збіраць грыбы і ягады, пра якую мы ўжо амаль забыліся! Таму і вырашылі: трэба ехаць у Астравец.

Пятру Вераб’ю, які ў Хойніках працаваў майстрам у будаўнічай арганізацыі, калі ён пацікавіўся работай, раённае начальства прапанавала ўзначаліць ПМК. Ён адмовіўся, сказаў, што не яго ўзроўню пасада. І абяцаў пагаварыць пра гэта са сваім кіраўніком. Праз дзень прыехаў Мікалай Кавалёў з маім мужам – Васіль быў яго персанальным вадзіцелем. Пытанне вырашылася хутка. Мікалай Іванавіч паабяцаў прывезці сюды ўвесь калектыў, большая частка якога таксама шукала, куды б выехаць з забру­джанай зоны. І папрасіў аб адным: перш перасяленцы пабудуюць жыллё для сваіх сем’яў, потым – усё астатняе.

Так усё і закруцілася. У студзені ў Астраўцы з’явілася першая вахта будаўнікоў з хойніцкай ПМК. А ў ліпені мы пачалі рабіць рамонт у кватэрах новага дома.

Многім пераезд даўся цяжка. Памятаю жанчыну, якая прыехала глядзець новую кватэру. Убачыла вялізную яму пад пад’ездам, запоўненую вадой, – і нават з машыны не выйшла, адразу паехала назад.

Я ж адразу была настроена, што тут нам будзе добра, бо мае дзеці – я ўжо была цяжарнай Алёнкай – стануць жыць у чыстай зоне. І нічога, што ў той яме пад пад’ездам адразу, як ступіла, страціла басаножкі; што вады ў кватэры на першым часе не было не толькі гарачай, але і халоднай; што ў туалет трэба хадзіць на вуліцу… Затое тут можна пайсці ў лес, пусціць дзіця ў пясочніцу, папіць малака – і не думаць, як гэта адаб’ецца на здароўі.

Да Астраўца я прывыкла хутка. Можа, таму, што маладая была, усё давалася лёгка? Ды і не паспела яшчэ нідзе прыкіпець душой: дзяцінства прайшло ў вёсцы ў Калінкавіцкім раёне, затым вучылася ў тэхнікуме ў Пінску. Тры гады жыла ў Хойніках. Ну, будзе яшчэ і Астравец, такой бяды! На сённяшні розум, калі б давялося мяняць месца жыхарства, моцна падумала б. І цяпер добра разумею тую жанчыну, якая нават у кватэру не зайшла ў першы прыезд… 

Да дэкрэтнага адпачынку я крыху папрацавала ў падсобным цэху ДБПМК. Да таго часу, як мне трэба было выходзіць на работу з доўгатэрміновага адпачынку, арганізацыя развалілася. Але раздзяліўся вузел сувязі, паштовы ўзначаліла зямлячка Ірына Тальчук. Яна і прыняла мяне на работу – спачатку паштальёнам, а потым я стала адказваць за гандаль. У тыя часы пошта актыўна займалася няпрофільнымі відамі дзейнасці, у тым ліку і рознічным гандлем – я ўсю Беларусь аб’ездзіла ў пошуках тавараў.

З таго часу і да сённяшняга дня, вось ужо 28 гадоў, я тут, на раённай пошце. Цікавае, насычанае жыццё было ў нас у свой час: удзельнічалі ў конкурсах, мерапрыемствах і ў раёне, і ў вобласці, і на рэспубліцы Гродзеншчыну не раз прадстаўлялі. Наш вузел паштовай сувязі заўсёды быў адным з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Тагачасны калектыў – яны і сёння мне як родныя людзі.

І Астравец за гэты час стаў родным. Тут выраслі мае дзеці, закончылі школу, вывучыліся ва ўніверсітэтах. І хоць цяпер абое жывуць у Гродна – трапілі па размеркаванні, там і засталіся – штомесяц, а то і часцей прыязджаюць дахаты. З чатырохгадовай унучкай Алінай мы часта гуляем па вуліцах горада, у лесапарку, гарадскім скверы, на востраве кахання, і радуемся, што наш горад з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым, утульным, камфортным. 

А для душы ў мяне – наша царква Святых Пятра і Паўла, якую мы будавалі ўсе разам і якая для нас – духоўная прыстань. 

Дзякуй Астраўцу і яго людзям, што ў свой час прыняў нас, чарнобыльскіх перасяленцаў, і цяпер мы тут – свае сярод сваіх.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик