За што любіць Астравец юная гараджанка Ліза Лукойць


Дзесяцігадовая Ліза Лукойць нарадзілася, калі Астраўцу ўжо прысвоілі статус горада. Дзяўчынка не памятае сваіх першых уражанняў пра месца жыхарства, але цвёрда ўпэўнена: лепшага горада за Астравец няма.

– А быццам можа быць па-іншаму? – шчыра здзіўляецца Ліза. – Тут жывуць мае родныя, сябры, знаёмыя, тут праводжу амаль увесь час, ды і наогул усё самае цікавае, запамінальнае, вясёлае адбываецца менавіта тут. Дзядуля Ваня казаў, што, калі была зусім малая, ён катаў мяне ў калясцы па лесапарку – і мне вельмі падабалася. Гэтага, канешне, не памятаю, а вось як з мамай і татам бавілі час у цэнтральным парку – добра захавалася ў памяці. Асабліва любіла гуляць там восенню, калі можна было разагнацца і скокнуць у зграбленае сухое лісце. Гэта так крута! Цяпер ужо пад­расла і магу шпацыраваць адна, толькі недалёка ад дома і каб мама ведала, дзе знаходжуся.

Дзяўчынка расказала, што 3 гады назад яны пераехалі ў кватэру па вуліцы Дубраўнай. З аднаго боку, ёй падабаецца новы прыгожы раён, а з іншага – пакуль адчувае сябе тут крыху нязвыкла і цягне ў старую частку горада, дзе ўсё больш знаёмае і блізкае сэрцу.

– Напэўна, проста яшчэ мала часу прайшло, – па-даросламу разважае Ліза. – Але і ў новай частцы Астраўца з’явіліся любімыя мясцінкі. Гэта розныя гульнявыя пляцоўкі ў дварах, дзе мы з сябрамі бавім час. А яшчэ з адным таварышам ходзім на мост на ўскраіну горада, рыбу лавіць. Ой, вудзіць – здорава! Праўда, пакуль толькі карасі, верхаводкі і плоткі трапляюцца. А ў сябра спінінг – ён ужо і шчупака злавіў. (Уздыхае.)

Яшчэ Лізе падабаецца касцёл Святых Космы і Даміяна, дзе яна спявае, дзіцячая школа мастацтваў, куды ходзіць спяваць у хоры і іграць на цымбалах, і, вядома ж, САК «Імпульс», бо дзяўчынка вельмі любіць спорт і марыць стаць… футбалістам.

– Ну ці трэнерам па футболе, там будзе бачна, – удакладняе Ліза. – Я проста ў захапленні ад гэтай гульні і з ранняга дзяцінства люблю мяч ганяць. І на гурток па футболе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі хадзіла, але ён перастаў дзейнічаць, а ў іншыя ў Астраўцы дзяўчынак не хочуць браць – і гэта недахоп. У СШ №3, дзе вучуся, мяне ўключылі ў склад зборнай, але хацелася б займацца дадаткова. Можа, давядзецца ездзіць у Смаргонь. Але жыць буду ўсё роўна ў Астраўцы! Я была ў гэтым суседнім горадзе, і ў Гродне з Оршай, дзе выступала на конкурсах, але найлепш дома – у родным і любімым Астраўцы. 

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович