За што дзякуюць сваім матулям жыхары Астравеччыны
Напярэдадні Дня маці мы звярнуліся для некаторых жыхароў раёна з пытаннем: чаму вас навучыла ваша маці і за што вы хацелі б сказаць ёй дзякуй?
Сяргей Гаўрыловіч:

– Мама нарадзілася ў 1945 годзе ў Бабраўніках. Яна першая медалістка Варнянскай школы, праўда, медаль быў не залаты, а сярэбраны. У нас цэлыя настаўніцкая дынастыя: вучыў дзяцей яшчэ мой прадзед, тры маміны браты сталі педагогамі.
Маці закончыла фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага інстытута. Там пазней вучыўся і я – некаторыя выкладчыкі добрым словам успаміналі студэнтку Ганну Лукшу. Да слова, прафесію настаўніка дзякуючы маці выбраў не толькі я, але і мае дзеці: дачка выкладае англійскую мову ў Варнянскай школе, сын фізіку – у Міхалішкаўскай.
Пра тое, якім настаўнікам была маці, сведчыць хоць бы той факт, што яе вучаніца Аляксандра Лукіна, пра якую некалі пісала “Астравецкая праўда”, цяпер прафесар. У тым інтэрв’ю “АП” яна дзякуе Ганне Іванаўне за атрыманыя веды і любоў да матэматыкі. Падзякі ад вучняў сыплюцца маці і ў сацыяльных сетках – хоць маме ўжо 79 гадоў, яна актыўны карыстальнік інтэрнэту і ўвогуле на “ты” з сучаснымі тэхналогіямі.
Мама навучыла мяне не толькі прафесіі, але і жыццю. У нас з ёй аднолькавы светапогляд, і таму нам вельмі лёгка. Усё жыццё мы жывём разам: спачатку я, затым і мая сям’я жылі пры бацьках, цяпер мама – з намі, хоць хата адна і тая ж. Я раюся з ёй па любых пытаннях. І для ўнукаў аўтарытэт бабулі неаспрэчны: здараецца, што мяне не паслухаюць, а яе слова – закон.
Часта паўтараюць выказванне Максіма Горкага «Усім лепшым ува мне я абавязаны кнігам». Хачу сказаць: усім лепшым я абавязаны маці, Ганне Іванаўне Гаўрыловіч.
Мікіта Савіцкі:
Бацька часта затрымліваўся на рабоце, здаралася, мы суткамі яго не бачылі – маім выхаваннем займалася ў асноўным мама. І, як бы банальна гэта ні гучала, я ўдзячны ёй за ўсё.
Мама навучыла мяне быць самастойным. Яна перастала правяраць мае хатнія заданні яшчэ ў трэцім класе, гаварыла: як ты падрыхтуешся – так і адкажаш. І адказнасць за атрыманую адзнаку будзеш несці ты сам! У выніку я не толькі даволі нядрэнна закончыў школу, але і на ўсё жыццё займеў пачуццё адказнасці за тое, што раблю.
Я ўдзячны маме за падтрымку і веру ў мяне. Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, мама без захаплення ўспрыняла маё жаданне пайсці па слядах бацькі і стаць міліцыянерам. Тым не менш, яна мяне нязменна падтрымлівала. Калі пасля заканчэння Акадэміі МУС прыйшоў на службу, напачатку было вельмі цяжка, але маміны словы «Усё будзе добра!» супакойвалі, давалі новыя сілы і веру ў сябе.
Дзякуй, мама, за любоў, якую ты дарыла мне на працягу ўсяго майго жыцця і цяпер адорваеш ёй маю сям’ю. За тое, што навучыла быць сапраўдным, не лунаць у аблоках няспраўджаных мар. «Калі нечага хочаш – імкніся, старайся, дамагайся – і ў цябе ўсё атрымаецца», – гаварыла яна. Я помню гэтыя словы: заўсёды стаўлю перад сабой мэту і дабіваюся яе ажыццяўлення.
Дзякуй, мама, за тое, што я такі, які я ёсць!
Іна Кавалеўская:
Мацвей, праўда, не вышывае, але гатуе не горш, а можа, яшчэ і лепш, за нас. Ды і як не быць таму: ён бацька чатырох дзяцей – трэба!
У мамы было няпростае жыццё. У 20 гадоў яна засталася сіратой: памерла маці, а прыз тры гады – бацька. Разумею, што цяжка ёй было без дапамогі, падтрымкі. Пазней давялося прайсці праз развод. Можа, таму, паспытаўшы столькі ліха, яна цяпер так імкнецца атуліць нас, сваіх дзяцей, ад бед і нягод.
Для мяне мама – лепшая сяброўка. Ёсць знаёмыя, прыяцелі, але пасакрэтнічаць і дакладна ведаць, што ніхто пра твой сакрэт не даведаецца, усё можна расказаць, не ўтойваючы, я магу толькі аднаму чалавеку – маме. Яна заўсёды выслухае, пашкадуе, параіць. Маніць не буду: не заўсёды я прыслухоўваюся да яе парад, ды мама і настойвае. Трэба аддаць ёй належнае: яна ніколі не ўмешваецца ў жыццё – ні ў маё, ні брата і сястры. Гаворыць: вы людзі дарослыя, самастойныя, самі вырашайце, як вам жыць, а я вас заўсёды падтрымаю і дапамагу, чым змагу.
Мы вельмі любім сваю маму – напэўна, як і ўсе дзеці. І зробім усё, каб яна была шчаслівай.
Вадзім Вянгроўскі, в. Смілгі:
Мама пайшла з жыцця даволі рана, у 66 гадоў. Можа, пажыла б і даўжэй, ды не любіла дактароў, не хацела лячыцца, усё старалася перацярпець. Паратунак ад любой хваробы шукала ў працы. Была адмысловай гаспадыняй – у доме заўсёды панавалі чысціня і парадак. Трымала вялікую гаспадарку.
А яшчэ мама змоладу і да апошняга дня вельмі любіла чытаць. Калі ў вясковай бібліятэцы не засталося непрачытаных ёю кніг, запісалася ў астравецкую. Ад мамы ў мяне цяга да ведаў.
Яна ўмела цудоўна гатаваць, вяскоўцы часта запрашалі яе гаспадыняй, калі ў некага намячалася бяседа. Родзічы, калі прыязджалі ў госці, казалі, што такіх смачных цэпелінаў, катлет, селядца пад шубай больш нідзе не каштавалі. І я ад мамы пераняў гэтае ўменне, хоць на такія складаныя і смачныя стравы, вядома ж, не здатны.
Калі ў 43 гады памёр бацька, я вучыўся ў тэхнікуме. Вядома, маме было цяжка, але яна дапамагла мне атрымаць адукацыю. Пазней скончыў яшчэ і інстытут.
Маме я ўдзячны за ўсё: за навуку, за парады, за жыццё.
Жанна Волк-Леановіч:
Мне пашанцавала: хадзіла ў дзіцячы садок, дзе музычным кіраўніком працавала мама. Там мне даводзілася называць яе Марыяй Алёйзаўнай, і гэта мне не падабалася. Але мама вучыла мяне і іншых дзяцей песням і танцам – гэта было цікава! З песнямі і фартэпіяна ў нас адносіны не склаліся, для мяне гэта па-ранейшаму нешта недасягальнае, а вось танцаваць я люблю з таго часу і да сённяшняга дня.
Я ўдзячна маме за ўсё, чаму яна мяне навучыла, і гэта не толькі любоў да музыкі і ўменне танцаваць. Імкненне да навукі, жаданне спазнаваць новае – гэта ўсё ад яе. У дзяцінстве я не паспявала за маміным тэмпам жыцця, а калі вырасла, зразумела, што ніколі і не паспею: яе актыўнасць, цікавасць да ўсяго, што навокал, проста зашкальваюць!
Жадаю сваёй матулі і ўсім мамам свету даўгалецця, гармоніі, крэатыву і натхнення, любові, увагі і павагі ад сваіх дзяцей. Кожная з вас – самая лепшая для сваіх дзяцей!
