За всё нужно платить...

Доўг бывае розным: сябрам, супрацоўнікам, самому сабе… Грашовы, грамадзянскі, службовы… А бывае доўг дзецям – сваім дзецям… І самае ў ім страшнае тое, што бацькі не жадаюць аддаваць дзецям не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але галоўнае – клопат, пяшчоту і любоў.


Нярэдка, каб знайсці даўжнікоў, якія ўхіляюцца ад выплаты аліментаў і расходаў на ўтрыманне дзяцей, а таксама ад аплаты ўрону на карысць юрыдычных і фізічных асоб, падключаюцца праваахоўныя органы.  Нагодай для аб’яўлення іх у вышук з’яўляецца вызначэнне тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання і судоў.

На жаль, часта грамадзяне, добра ведаючы аб тым, што яны з’яўляюцца даўжнікамі ці адказчыкамі, спецыяльна хаваюцца і ўхіляюцца ад яўкі ў адпаведныя органы. Толькі каму яны робяць горш? За такія дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 6 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Акрамя гэтага, у адносінах да такіх грамадзян законам прадугледжаны некаторыя меры абмежавання: арышт маёмасці, спыненне поўнасцю ці часткова аперацый па рахунках, абмежаванне права выезду за межы Беларусі.

У мінулым годзе 13 грамадзян, якія тайна пакінулі пастаяннае месца жыхарства, былі аб’яўлены ў вышук Астравецкім РАУС. Чацвёра з іх не выплачвалі расходы на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, двое – аліменты быўшым мужу ці жонцы, сямёра – ухіляліся ад выплаты штрафаў. Зараз у вышуку знаходзіцца толькі адзін грамадзянін. І гэта сведчыць аб тым, што рана ці позна, але за свае даўгі давядзецца плаціць.

Хочацца адзначыць, што многія грамадзяне не поўнасцю ўсведамляюць адказнасць за выкананне ўскладзеных на іх абавязкаў перад грамадствам і дзяржавай і тым самым парушаюць заканадаўства.

Калі вы з’яўляецеся даўжніком ці адказчыкам па грамадзянскіх справах і вас цікавяць нейкія пытанні, звяртайцеся ў раённы аддзел прымусовага выканання па тэл. 2-11-20, а па пытаннях вышуку даўжнікоў – у Астравецкі РАУС.


----------------------------------------

Аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС.