Заўтра за руль – сёння ні кроплі?
Беларускіх аўтааматараў чакае новае выпрабаванне. 12-га жніўня ўступае ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая дазволіць пазбаўляць пасведчання на права кіравання транспартным сродкам пры ўтрыманні ў арганізме вадзіцеля больш за 0,3 праміле алкаголю. Нагадаем, што цяперашні парог складае 0,5 праміле.
Такім чынам, работнікі ДАІ маюць намер выкараніць практыку ўжывання алкаголю, што называецца, напярэдадні.
Сядзем і паедзем. Калі?
Цяжка сказаць, ці атрымаецца ў іх гэта. Усё ж алкагольная тэма для нашага чалавека актуальная надзвычай. А вось у тым, што пасля вячэрняга ўжывання “астатак” знойдзецца і ў крыві, і ў парах – можна не сумнявацца. Наколькі вялікі?
Так, напрыклад, прынятыя “на грудзі” сціплыя па нашых мерках 300 мілілітраў гарэлкі цалкам пакінуць арганізм 80-кілаграмовага мужчыны толькі праз 13 гадзін 03 хвіліны.
Мужчынам на 20 кг мажнейшым без апаскі можна сесці за руль на дзве з паловай гадзіны раней. Канешне, многае залежыць ад асабістага стану чалавека, укамплектаванасці “паляны” адпаведнымі закускамі і патрэбным “запівонам” — пажадана без газіраваных напояў, тым больш піва, частатой перакураў, якія ўзмацняюць дзеянне алкаголю, і іншымі складаемымі любога застолля.
У арганізме жанчыны алкаголь утрымліваецца даўжэй. Перыяд яго наяўнасці, у параўнанні з мужчынамі, можна смела павялічваць працэнтаў на 20.
У любым выпадку, сустрэць з сябрам ды чаркай у руках вячэрнюю зорку, а раніцай сесці за руль ужо не атрымаецца.
0,3 праміле – многа ці мала?
У даўнія савецкія часы, калі на ўвесь раён было толькі два даішнікі, а шклянку гарэлкі за п’янку ніхто не лічыў, гэтую дозу нават і не заўважылі б. Круцілі руль і пры большай колькасці. Нават у сталіцу і ў Гродна ездзілі. Некаторыя гэты час успамінаюць з настальгіяй. Нават б’юць у грудзі, даказваючы, што аварый было менш. Магчыма. Усё ж не такая магутная тэхніка была – на “Запарожцы” хутка не паедзеш. Ды і інтэнсіўнасць руху таксама непараўнальная з сённяшняй.
І ўсё ж гэта быў, зразумела, перабор. Дарога патрабуе дысцыпліны. Колькі чалавечых лёсаў зламалі звычайнае легкадумства і самаўпэўненасць…
Ну а колькі гэта – 0,3 праміле?
І што такое ўвогуле – праміле?
Для даведкі: у гэтых адзінках вызначаюць велічыню ўтрымання алкаголю ў арганізме чалавека.
0,3 праміле азначае, што на адзін літр вадкасці, якая ўтрымліваецца ў арганізме, прыходзіцца 0,3 грама алкаголю.
Медыкі класіфікуюць такую ступень ап’янення як нязначную. Аднак гэта нязначнасць усё ж не дазваляе чалавеку дакладна ўспрымаць крыніцы святла, якія рухаюцца. З’яўляюцца праблемы з ацэнкай аб’ёмаў. І, што, напэўна, самае небяспечнае, – з’яўляецца схільнасць да рызыкоўнай язды.
Канкрэтна на дарозе гэта праяўляецца ў няздольнасці правільна вызначыць адлегласць да аўтамабіляў, якія рухаюцца насустрач; вадзіцель не прытрымліваецца бяспечнай дыстанцыі, рызыкуе пры абгоне.
Калі ў якасці “паддоследнага” выкарыстаць усё таго ж мужчыну вагой 80 кілаграмаў, то прыкладна такую велічыню пакажа алкатэстар праз гадзіну пасля ўжывання 70-ці мілілітраў гарэлкі. Альбо 600 мілілітраў піва мацункам 5,2 %.
Слаба суцяшае толькі тое, што яшчэ праз хвілін 40-50 пасля ўжывання такой колькасці спіртаўтрымліваючай вадкасці за руль можна паспрабаваць сесці. Тэарэтычна праз гэты час утрыманне алкаголю ў арганізме дасягне дазволеных 0,2 праміле.
А можа, і не...
А як у іх?
У іх – па-рознаму. Самыя жорсткія нарматывы, якія ўвогуле не дазваляюць утрымання алкаголю ў арганізме вадзіцеля, – у Расіі, Эстоніі, Чэхіі, Румыніі, Харватыі, Венгрыі, Славакіі і Турцыі.
У абсалютнай большасці еўрапейскіх краін, да якіх пакуль адносіцца і Беларусь, дзейнічае нарматыў у 0,5 праміле.
Дарэчы, шэраг вучоных адзначаюць адсутнасць уплыву алкаголю на паводзіны вадзіцеля пры яго канцэнтрацыі ў арганізме да 0,5 праміле. Колькі людзей – столькі меркаванняў.
0,8 праміле дазваляюць сваім вадзіцелям Велікабрытанія, Ірландыя, Люксембург і Мальта.
А самым ліберальным у сэнсе вадзіцельскага алкаголю з’яўляецца поўдзень Кіпра – 0,9 праміле.
У Злучаных Штатах Амерыкі дазваляецца прыняць “на грудзі” 0,8 праміле.
А вось жыхарам Лаоса, Вануату, Конга, Габона, Эфіопіі і некаторых іншых краін азіяцка-афрыканскага рэгіёна “ўжываць” за рулём не забараняецца ўвогуле! Вось куды трэба купляць турыстычныя пуцёўкі аматарам “хмельнай” язды!
Што далей?
У Расіі “нулявы” варыянт адбіўся перш за ўсё на памерах хабараў. Калі раней маскоўскія “даішнікі” бралі з нецвярозых вадзіцеляў 200-300 умоўных адзінак, то цяпер – усе 1500. За што аўтааматары не стамляюцца “дзякаваць” дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы.
Што будзе ў нас, ці стане п’яных кіроўцаў на дарогах менш – пакажа час.
Але можна не сумнявацца – з 12 жніўня пакараных і пазбаўленых правоў на кіраванне ў нецвярозым стане больш.
Аматарам кефіру і хлебнага квасу можна не хвалявацца. Размовы аб тым, што ўжыванне названых напояў можа спарадзіць праблемы з аўтаінспектарамі – казкі пра “белага бычка”. Утрыманне алкаголю ў іх настолькі нязначнае, што трэба выпіць некалькі літраў “залпам”, каб алкатэстар паказаў хоць нейкае значэнне.
Мяркую, што не асабліва ўсхвалюе новаўвядзенне тых, для каго “выпіў – і за руль” – справа звычайная. Ім што 0,3, што 0,5, што 0,8 праміле – розніцы няма. Гэта – дыягназ, хвароба, якая штрафамі і нават пазбаўленнем правоў не лечыцца.
Задумацца трэба найперш тым, хто нападпітку за руль не сядае прынцыпова, а вось напярэдадні вечарам чарку-другую прапусціць можа. Якім бы несправядлівым гэта ні падалося, аднак закон не робіць розніцы паміж тымі, хто свядома сеў за руль у нецвярозым стане сёння, і тымі, хто прынёс з сабой у салон аўтамабіля “астатачнае” на наступны дзень, нават нязначнае. Хоць, па вялікаму рахунку, рэчы гэта зусім розныя. І з пункту погляду фізічнага стану, ды і з маральнага боку таксама.
Аднак закон ёсць закон і падпарадкоўвацца яму прыйдзецца ўсім.
Праўда, выйсце ёсць. Простае, таннае і прыемнае – не піць. Ну а калі ўжо абставіны склаліся так, што без чаркі аніяк – адкласці паездку за рулём, прынамсі, на паслязаўтра. І тады дарога будзе роўнай і спакойнай.
Шчаслівага шляху!
Эдуард ІВАНАЎ.
