З якога ўзросту чалавека можна лічыць пажылым – меркаванне нашых чытачоў

Напярэдадні Дня пажылых людзей у рэдакцыі ўзнікла пытанне: з якога ўзросту можна аднесці чалавека да гэтай узроставай катэгорыі? Не прыйшлі да адзінага меркавання і вырашылі спытаць аб гэтым нашых чытачоў, запусціўшы на сайце газеты і ў нашых групах у сацыяльных сетках «Аднакласнікі», «ВКонтакте», «Фэйсбук», «Вайбер», «Тэлеграм» ананімную апытанку. 


Прапаноўвалася выбраць адзін з варыянтаў: пажылы ўзрост пачынаецца з 50-ці, 60-ці, 70-ці, 80-ці гадоў, з дня выхаду на пенсію ці гады ўвогуле не маюць значэння: нехта і ў юнацтве – стары, а хтосьці і ў старасці дасць фору маладым.
242 ананімныя рэспандэнты адказалі на гэтае пытанне. Да нашага здзіўлення, найбольш – 71 чалавек, ці амаль 30% апытаных, – лічаць, што пасля 50-ці чалавека ўжо можна віншаваць з Днём пажылых людзей. Пэўна ж, так адказвалі маладыя людзі, якім паўсотні гадоў здаюцца недасягальным рубяжом. «Эх, дзе мае пяцьдзясят!» – думаю, усклікнуў не адзін наш падпісчык, прачытаўшы гэтыя радкі.
Амаль столькі ж – 67 чалавек, ці 27%, – мяркуюць, што пажылы ўзрост надыходзіць пасля 60-ці.
18% апытаных перакананы, што ўзрост не мае значэння; 15% – што пажылым можна назваць чалавека пасля 70 гадоў; 5% – што такім ён становіцца, як толькі выйдзе на пенсію, і амаль 4% – што пажылы ўзрост – гэта 80+.
Цікава даведацца, як нашы асабістыя меркаванні суадносяцца з аб’ектыўнымі дадзенымі. Па шкале Сусветнай арганізацыі аховы здароўя маладымі людзьмі лічацца тыя, хто знаходзіцца ва ўзросце ад 25 да 44 гадоў, сярэдні ўзрост – гэта 44-60, пажылы – 60-75 гадоў. Ад 75 да 90 людзей можна лічыць старымі, а пасля 90 гадоў – доўгажыхарамі.
Дай бог усім дажыць у добрым здароўі да ўзросту доўгажыхароў! 
І заўсёды заставацца маладымі – прынамсі, у душы…

Ніна РЫБІК.



Текст: Нина Рыбик