З якімі думкамі распачынае служэнне ў Гервятах кс. Дзмітрый Леўчык
– Як бы вы прадставіліся чытачам «Астравецкай праўды»?
– Гервяты – мая першая самастойная парафія. Я ўсцешаны, што маё душпастырства распачынаецца ў гэтым прыгожым маляўнічым куточку Астравеччыны.
Родам я з Навагрудка. Там скончыў сярэднюю школу і паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 2014 годзе з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча атрымаў святарскае пасвячэнне. Першай парафіяй, у якой праходзіў мой вікарыят, быў касцёл Святога Вацлава ў Ваўкавыску. Акрамя гэтага, я выконваў функцыю капелана ў турме.
Затым паступіў у Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт. Спецыялізацыю выбіраў сам: мяне цікавіла Святое Пісанне. Цяпер працую над дыпломнай работай – раблю дакладны аналіз ІІІ раздзела кнігі прарока Міхея.
– Звычайна ў святароў цікавяцца, як і пры якіх абставінах яны адчулі пакліканне; хто паўплываў на выбар. Як гэта было ў вас? Не ўзнікала думкі атрымаць свецкую адукацыю, а ўжо потым стаць ксяндзом?
– Я з дзяцінства хацеў быць святаром, усвядоміў гэта ў гадоў 12. Калі ў мяне цікавяцца пра пакліканне, нават не ведаю, што адказаць. Гэта заўсёды было са мной… Пробашч парафіі, з якой я паходжу, ксёндз Аляксандр Баклажэц заўсёды быў для мяне прыкладам. Большая палавіна міністрантаў (хлопчыкі, якія у час імшы паслугуюць ксяндзу. – Заўв. аўт.) хацела стаць святарамі. Мая мара ажыццявілася.
– Што вы адчулі, калі даведаліся пра прызначэнне ў Гервяты? Усё ж гэта ўнікальная парафія, якую ведаюць далёка за межамі Беларусі, дзякуючы велічнаму касцёлу Святой Тройцы і дэндрапарку ля яго – рукатворнаму цуду светлай памяці ксяндза Леаніда Несцюка і парафіян. Не было хвалявання ці страху?
– На ўсё воля Божая. Шчыра прызнацца, быў вельмі ўсцешаны, што ў мяне з’явіцца мая парафія, мае вернікі… Канешне, ёсць і хваляванне – але я адкрыты для людзей.
Удзячны Богу, што ў мяне ёсць магчымасць кожны дзень адпраўляць імшу ў сваёй парафіі. Я ўсцешаны, што на богаслужэнне прыходзяць людзі, хоць і няшмат, магчыма, з-за эпідэмічнай сітуацыі.
За некалькі дзён да маіх уводзінаў у касцёл, як пробашча, доўга думаў, што скажу парафіянам, – ведаў, што людзі будуць мяне чакаць, слухаць. Але не мог знайсці патрэбных слоў. Літаральна ў суботу вечарам прыйшоў да высновы: напэўна, няправільна нешта цяпер казаць – сутнасць чалавека, у тым ліку і святара, праяўляецца не ў словах, а ў справах.
– На якіх мовах вы праводзіце ў касцёле службы? Спакон вякоў у Гервятах жывуць літоўцы…
– Адна з мэтаў, якую стаўлю зараз перад сабой, – вывучыць літоўскую мову – хоць бы на тым узроўні, каб адпраўляць імшу на зразумелай для людзей гервяцкага краю мове.
Служэнне ў касцёле праходзіць па-беларуску і па-польску, падчас апошняга гучыць казанне на роднай мове. Для людзей, якія прыходзяць маліцца ў храм па-літоўску, імша адпраўляецца па-беларуску, але ўрывак са Святога Пісання вернікі чытаюць на літоўскай мове.
– Ці даводзілася вам бываць на Астравеччыне?
– Толькі аднойчы – праездам. Падчас вучобы ў духоўнай семінарыі – тады я быў адным з удзельнікаў гурта «Авэ» – мы спыніліся ў Гервятах. Велічнасць і адначасова вытанчанасць касцёла Святой Тройцы ўразілі: нездарма Гервяты асацыіруюцца менавіта з гэтым храмам. Тады я і падумаць не мог, што маё душпастырства будзе тут праходзіць.
– З якімі думкамі, спадзяваннямі, планамі, надзеямі распачынаеце служэнне ў Гервятах?
– Ведаеце, наперад складана нешта казаць, рабіць прагнозы. Я толькі прыехаў, таму час пакажа…
– Ці паспелі пазнаёміцца з парафіянамі і мясцовымі святарамі?
– Мае ўводзіны ў гервяцкі касцёл, як пробашча, адбыліся 12 студзеня.
Некаторых святароў Астравеччыны ведаю. Напрыклад, знаёмы з дэканам, ксяндзом-канонікам Юзафам Багдзевічам. Пробашч варнянскай парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі таксама не чужы для мяне чалавек: ён шмат гадоў працаваў у Раготне – недалёка ад маёй малой радзімы. З ксяндзом Алегам Шпенем з Дайлідак мы ўвогуле землякі…
А з парафіянамі я толькі пачынаю знаёміцца.
– Колькі павінна прайсці часу, каб гервяцкая парафія стала вашай?
– Яна ўжо мая, таму што першая… Давялося неяк за гэты час ад’ехаць у Ашмяны, на зваротным шляху адчуваў, што вяртаюся дадому. Спадзяюся, што стану сваім і для мясцовых людзей.
– Дзякуй, ксёндз Дзмітрый! Няхай усё задуманае вамі з Божай дапамогай спаўняецца!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.