З песнямі, танцамі і падарункамі адзначылі ў Астраўцы Дзень пажылога чалавека
У мінулую нядзелю ў Астраўцы адзначылі Дзень пажылога чалавека.
Заўважыла, што з Днём пажылых людзей, не ў прыкмет іншым знамянальным датам, герояў свята віншуюць асцярожна, нібыта баючыся пакрыўдзіць: мала што чалавек ужо выйшаў на пенсію, можа, у душы ён 30-гадовы і ніяк не суадносіць сябе з пажылым узростам.
Маё ж глыбокае перакананне: ні ўзросту, якім бы ён ні быў, ні зморшчынак, ні лішніх кілаграмаў, якія, як правіла, прыбаўляюцца з гадамі, ні ўстаўных зубоў, слухавога апарата ці кавенькі, калі іх дапамога ўжо спатрэбілася, саромецца не варта. Радавацца трэба, што дажылі да гэтых гадоў! Колькім людзям у гэтым шчасці – сустрэць залатую восень жыцця, цешыцца дзецьмі і ўнукамі, займацца тым, чым хочацца, а не тым, чаго патрабуюць службовыя абавязкі – бязлітасным лёсам было адмоўлена.
А што маладыя душой, то хто ж з гэтым спрачаецца? У душы нам заўжды васямнаццаць!

Зрэшты, хіба толькі душой? Астравецкія пенсіянеры дэманструюць, што яны тыя яшчэ “запальнічкі”, не кожны малады за імі ўгоніцца. Яны і ў танцах, і ў песнях, і спорце, і ў рукадзеллі, і ў творчасці паказваюць прыклад – хто чытае “Астравецкую праўду”, глядзіць тэлепраграму “ТВА. ТВой Астравец” і сочыць за падзеямі ў нашых групах у сацыяльных сетках, добра гэта ведаюць. Дарэчы, можаце зазірнуць на старонку “АП” у “ЦікТок”, каб лішні раз у гэтым пераканацца.
Вось і на святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, у шматфункцыянальным культурным комплексе сабралася поўная зала. Многія яшчэ на ўваходзе радасна віталіся, распытвалі адзін аднаго пра справы. Свята – добрая нагода спаткацца з былымі калегамі і колішнімі прыяцелямі.
На ўваходзе гасцей віталі выхаванцы гуртка выяўленчага мастацтва Вікторыі Варановіч і дарылі ім уласнаручна намаляваныя паштоўкі з віншаваннямі – гэта было так цёпла і так кранальна.
Прыцягвала ўвагу выстава гэтых дзетак: яны намалявалі сваіх бабуль і дзядуль. Некаторыя з работ, з маёй непрафесійнай кропкі гледжання, – сапраўдныя творы мастацтва. А для бабуль і дзядуль юных мастакоў яны – найдаражэйшы падарунак.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта гасцей свята прывітала старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч:

– Ведаеце, мы часам зайздросцім вам: вашай энергіі, аптымізму, таму, што вы ўмееце і чым шчодра дзеліцеся з маладымі, – шчыра прызналася Ірына Фёдараўна.
Яна ўручыла Падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама Віктару Боберу – няўрымсліваму актывісту, без якога не абыходзіцца ніводнае спартыўнае ці культурнае мерапрыемства ў горадзе. А таксама падарункі ад “Белай Русі” – Вользе Зарэцкай і Тарэсе Коўшык.
Старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун Падзячным пісьмом старшыні раённага Савета дэпутатаў адзначыла грамадскую дзейнасць і актыўную жыццёвую пазіцыю старшыні пярвічнай арганізацыі савета ветэранаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм Лідзіі Сухажэўскай, а Падзячнымі пісьмамі прэзідыума раённага савета ветэранаў – нядаўніх юбіляраў, якія таксама ў свой час вызначаліся добрасумленнай працай, а цяпер вядуць актыўны лад жыцця, – Ларысу Мартынаву і Вераніку Чамерку.
Падарункам для ўсіх прысутных стаў цудоўны канцэрт: танец выхаванцаў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, якія шчодра дзяліліся з усімі “кропелькамі шчасця”; песнямі ў выкананні “Польскага рэха Астраўца”, Юрыя і Анастасіі Інаровічаў , Аляксандра Юргелянца, Алены Якубцэвіч, Надзеі Вайцяховіч выклікалі бурныя апладысменты і воклічы “Брава!”. Адкрыццём стала выступленне адроджанага ансамбля “Світанак” і яго кіраўніка – галасістай, абаяльнай і харызматычнай Ганны Ткачук.
Ну а Алеся Мілінчук прымусіла ўсіх падняцца са сваіх месцаў і пусціцца ў скокі!
Бо не старэюць нашы ветэраны!
І не толькі душой…
З першых вуснаў
Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:
–У гэты дзень хочацца сказаць дзякуй прадстаўнікам старэйшага пакалення за іх служэнне Радзіме, захаванне міру. За іх шчырасць і прыстойнасць. Гэтае свята – нагода напомніць дзецям і ўнукам, што мы ёсць і заўсёды гатовы падставіць плячо, калі неабходна. Нагадаць нашым былым кіраўнікам, што мы і сёння пры патрэбе можам падзяліцца сваім вопытам ці добрай парадай. А ўсім нам хачу пажадаць міру і дабрабыту, здароўя і працвітання. І кожны дзень нашай залатой восені сустракаць з радасцю.
