З чего началось увлечение Татьяны Андрушойть топиаром
Начальнік лесагадавальніка Таццяна Андрушойць з тых людзей, якім цяжка ўседзець на месцы нават хвіліну. Раз на год у яе нараджаюцца вышываныя ніткамі і бісерам карціны; сплеценыя з ратангу круглабокія кашпо чакаюць свайго часу, каб вясной заняць пачэснае месца ў двары на пару са стракатымі пеларгоніямі… Але найбольшае задавальненне жанчыне прыносіць фігурная стрыжка дрэў і кустоў, хоць тапіарам яна захапляецца адносна нядаўна…
– Хоць і дамаўляліся ў святочным інтэрв’ю ні слова пра работу, але менавіта дзякуючы ёй і пачалося маё захапленне. Я займаюся доглядам дрэў і кустоў, іх стрыжкай, у тым ліку санітарнай. Крыху менш за два гады назад пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку на тэрыторыі лесагадавальніка разбіла невялікую клумбу з ружаў. Потым задумала стварыць альпінарый ці ракарый, але пазней спынілася на тапіарным садзе. Дарэчы, з лацінскай мовы гэта слова перакладаецца як «садоўнік ландшафтнага арнаменту». Хоць да гэтага статусу мне яшчэ далёка. Як казаў адзін казачны герой: я не чараўніца, я толькі вучуся, – з усмешкай зазначыла суразмоўца.Таццяна, як і любая жанчына, любіць прыгажосць, праўда, некрыклівую і натуральную, ва ўсіх яе праявах: у прыродзе, людзях, рэчах… Аднойчы ўбачаныя ў інтэрнэце «фігурныя» расліны глыбока запалі ёй у душу.
– Многія майстры гэтай справы вядуць уласныя каналы ў розных сацыяльных сетках, дзе дзеляцца сакрэтамі майстэрства. Праглядаючы пакрокавыя відэа ператварэння той жа лахматай туі ў «прыгладжаную» прыгажуню, думала, што працэс стрыжкі дрэў дастаткова лёгкі, але насамрэч не ўсё так проста, – працягвае гераіня. – На дастаткова ўнушальную прэмію, якую атрымала за перамогу па плаванні ў галіновых абласных спаборніцтвах, набыла свой першы кустарэз. Грошы ж не з сямейнага бюджэту! (Усміхаецца.) Над першым дрэўцам працавала доўга і марудна, але ў выніку атрымалася нядрэнна. У тапіарыі істотную ролю іграе пастаянная практыка. Як кажуць, трэба набіць руку. Таксама павінны быць багатае ўяўленне і добры вокамер. З першага позірку на дрэўца прыкмячаю, што і дзе трэба падрэзаць. А вось рабіць на вока спіралевідныя стрыжкі пакуль не бяруся.
Аказваецца, на стварэнне самай простай фігуркі патрэбен не адзін год!

