З чаго складаецца душа беларускай жанчыны – разважаюць астраўчанкі
Не паспеў пачацца 2026 год, а ўжо прыносіць жыхаркам Беларусі радасныя пачуцці, бо прысвечаны ім. Якая ж яна, беларуская жанчына, разважаюць жыхаркі і госці Астравецкага раёна.
Наталля Азарава, г. Астравец:

– Новы год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, што ўжо сведчыць аб нашай высокай значнасці ў дзяржаве.
Для прыгожай паловы гэта не проста словы. Беларуская жанчына –добрая маці, адказная працаўніца, любімая жонка і натхняльная муза. І якімі толькі якасцямі яна не валодае: дабрыня, шчырасць, гасціннасць, выхаванасць.
Таму, 2026-ты – год мэтанакіраванасці, сілы і дасягнення пастаўленых мэт. Ці па-простаму – час беларускіх жанчын.
Кацярына Стаскойць, г. Мінск:

– Думаю, у кожнага перад вачыма стаіць вобраз пэўнага чалавека, калі гаворым пра беларускую жанчыну. Для мяне яготакое ўвасабленне – мая мама, яе дабрыня, усмешлівасць, працавітасць і, вядома, клопат пра нас з братам.
Яна ўмее, напэўна, усё, і на яе можна разлічваць у пытаннях вядзення хатняй гаспадаркі або рамонту дома. Сапраўдная беларуская жанчына.
Таму, 2026 год лічу часам нашых самых дарагіх і любімых мам і бабуль. Спадзяюся, што яны будуць шчаслівыя.
Дар’я Баравік, аг. Гервяты:

– Навіна аказалася нечаканай і вельмі прыемнай, ды яшчэ прагучала пад бой курантаў з вуснаў Прэзідэнта нашай краіны .
Радасна чуць прызнанне заслуг, якія штодня робіць кожная жанчына. Гэта і клопат пра сям’ю, і праца на карысць дзяржавы, і грамадская дзейнасць, і многае іншае.
Упэўнена, што беларускі могуць і ўмеюць усё! Ды і не можа быць інакш – мы прывыклі сумяшчаць кар’еру і сям’ю, усё трымаць у балансе. Для гэтага патрэбны мудрасць, упэўненасць і любоў да таго, што робіш.
Безумоўна, адчуваю гонар, бо сама з’яўляюся беларускай жанчынай – добрай, мяккай і каханай.
Фота з архіва герояў.
