З падарункамі – у бальніцу
Галоўныя святы – Каляды і Новы год усе чакаюць з нецярпеннем. Асабліва радуюцца ўпрыгожанай ёлцы, прыходу Дзеда Мароза са Снягуркай, а таксама доўгачаканым падарункам – дзеці. Аднак, здараецца, што ў святкаванне зусім незапланавана ўмешваецца злая хвароба і тады Каляды і Новы год прыходзіцца сустракаць у бальніцы.
Але пад Новы год належыць здарацца цудам. І бальніца – не выключэнне. Ужо не першы год па традыцыі хворых дзетак у дзіцячым аддзяленні ЦРБ наведвае Валянціна Іванаўна Дземеш. Ды не з пустымі рукамі, а з навагоднімі падарункамі ад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, старшынёй якой яна і з’яўляецца. І шаснаццаць пар дзіцячых вачанят (менавіта столькі маленькіх пацыентаў знаходзілася на той момант у бальніцы) засвяціліся радасцю. Сказаўшы дружнае “дзякуй”, рабяты праз некалькі хвілін разбегліся па сваіх палатах – правяраць і паспрабаваць, што ж там пераслаў добры Дзед Мароз з “Белай Русі”. А значыць, салодкія падарункі зрабілі сваю чароўную справу і падсаладзілі іх не вельмі вясёлае прабыванне ў бальніцы.
Марына МАЦКЕВІЧ.