З чым мы сустрэлі зіму?

Ну вось і зіма! Сапраўдная, снежная, марозная.



Наколькі нечаканым стаў яе прыход у сярэдзіне студзеня для асноўных арганізацый і служб нашага раёна, пацікавіліся журналісты “Астравецкай праўды”.



Камунальнікі...


Як працуе “служба кожнага дня” ва ўмовах моцных маразоў, нам расказаў начальнік РУП ЖКГ Аляксандр Браніслававіч Стурліс:

– Мы працуем у звычайным рытме. Вытрымліваецца неабходны цеплавы рэжым (тэмпература ў памяшканні днём не павінна быць ніжэй за 18 градусаў цяпла, а ноччу – не ніжэй за 16 градусаў).


Што тычыцца аварыйных сітуацый, то на сённяшні дзень такіх не было. Праўда, узнікаюць пытанні па перамярзанні сістэмы водазабеспячэння, але ўсе яны па меры паступлення вырашаюцца.


Карыстаючыся выпадкам,  звяртаюся да жыхароў з просьбай закрываць вокны, дзверы ў пад’ездах, каб зберагчы цяпло ў дамах – а значыць, і свае грошы.



Медыкі...


Выпадкі абмарожвання і галалёдных траўм рэгулярна папаўняюць медыцынскую статыстыку ў перыяд зімовых халадоў. Аб гэтым нам расказаў намеснік галоўнага ўрача Астравецкай ЦРБ па лячэбнай рабоце Уладзімір Часлававіч Мажэйка.

– Ужо зарэгістравана некалькі выпадкаў абмарожвання і траўм, звязаных з галалёдзіцай, – расказвае Уладзімір Часлававіч. – Большасць пацыентаў паступаюць у стане алкагольнага ап’янення, здараецца, што яны падаюць і засынаюць прама на вуліцы. Але абмарозіцца можа кожны чалавек, які доўга знаходзіцца на вуліцы ў вялікі мароз.


Пры першых прыкметах абмарожвання – аняменне і паблядненне канечнасцей неабходна зайсці ў цёплае памяшканне, выпіць гарачага чаю. Пры выражаных прыкметах  – страта адчувальнасці, барвовая афарбоўка скуры пры адаграванні – неадкладна звяртайцеся да ўрача.


А ўвогуле, каб не замерзнуць, трэба насіць цёплае адзенне і абутак, галаўны ўбор, які закрывае вушы, цёплы шалік і рукавіцы. Зручны абутак дапаможа пазбегнуць траўм падчас галалёдзіцы. І самае галоўнае – не злоўжывайце спіртнымі напоямі – у моцныя маразы гэта можа прывесці да бяды.



Настаўнікі...


Пра тое, якая абстаноўка ў сувязі з марозамі склалася  ў дзіцячых садках і школах раёна, мы вырашылі даведацца ў начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Віктара Віктаравіча Млечкі.

– Падвоз дзяцей у школы і дзіцячыя садкі ажыццяўляецца ў звычайным рэжыме. У панядзелак і аўторак усе аўтобусы выйшлі ў рэйсы ў звычайны для іх час, згодна з графікамі падвозу, і дзеці трапілі ў школы і садкі, як у звычайныя дні.


Аварыйных сітуацый  у школах і садках зарэгістравана не было. Тэмпературны рэжым у навучальных установах  адпавядае Санітарным правілам і нормам. Тэмпература паветра трохі ніжэй у Альхоўскім дзіцячым садку – 16 градусаў, але прычына гэтага  крыецца ў ацяпленні – яго сістэма зроблена так, што вышэй падняць тэмпературу ў моцныя маразы немагчыма.



Выратавальнікі...


Як паведаміў інспектар групы прапаганды і навучання Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях Эдуард Малышка, па прагнозе рэспубліканскага гідраметэацэнтра ў бліжэйшыя дні чакаюцца працяглыя снегапады, нізкая тэмпература паветра і парывы ветру да 20 метраў за секунду.

Кожны год на тэрыторыі Астравецкага  раёна з-за снегавой нагрузкі адбываецца абрушэнне дахаў на будынках. Каб прадухіліць магчымыя абрушэнні дахаў, супрацоўнікі выратавальнай службы нагадваюць, што кіраўнікі аб’ектаў і домаўладальнікі павінны своечасова ачысціць ад снегу дахі пабудоў.


Неабходна загадзя абследаваць і ацаніць вытрымліваючыя здольнасці даху будынка. Калі выявяцца дэфекты ці неадпаведнасці патрабаванням будаўнічых норм, неабходна прыняць усе меры па ўмацаванні або замене дахавых сістэм. Неабходна не толькі арганізаваць працу па своечасовай ачыстцы стрэх ад наледзі, але і абгарадзіць месцы магчымага падзення лёду з даху будынка.


Своеасаблівую небяспеку снежныя заносы ўяўляюць для людзей, якія знаходзяцца далёка ад чалавечага жылля. Занесеныя дарогі, страта бачнасці звычайна выклікаюць разгубленнасць і страту арыенціраў на мясцовасці.


Пры паездцы на аўтамабілі не трэба спрабаваць пераадолець снежныя замёты. Лепш спыніцца, шчыльна закрыць вокны машыны і накрыць рухавік з боку радыятара. Перыядычна трэба выходзіць з аўтамабіля і расчышчаць снег, каб не быць пахаваным пад ім. Рухавік аўтамабіля неабходна перыядычна праграваць, каб пазбегнуць яго размарожвання. Не трэба пакідаць аўтамабіль: у моцны снегапад арыенціры, якія падаюцца з першага погляду надзейнымі, праз некалькі дзясяткаў метраў могуць быць страчаны.



Аграрнікі...


Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводству Міхаіл Мечыслававіч Шлыковіч:

–Думаю, сёлетні мароз вялікіх праблем раслінаводству не прынясе, таму што палі своечасова і надзейна прыкрыты тоўстым слоем снегу, які надзейна абараняе азімыя ад “кусачых” тэмператур. У складах гаспадарак ачыстка насення практычна завершана.


Галоўны інжынер Уладзімір Іосіфавіч Раманоўскі:

–Канешне, 25-градусны мароз – не жартачкі, але для нашых шырот – не такая ўжо і рэдкасць. Тым больш, што графік рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі ніхто не адмяняў. Майстэрні ўсіх гаспадарак раёна абсталяваны спецыяльнымі абаграваючымі агрэгатамі, якія працуюць на так званым “мясцовым” відзе паліва. Дровы нарыхтаваны загадзя… Механізатарам, слесарам, токарам ёсць дзе пагрэцца.


Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Іосіфаўна Бушмовіч:

–Жывёлагадоўля – самая ўразлівая ў гэтым сэнсе галіна. Канешне, мы ўцяпляемся ўсімі магчымымі спосабамі. У першую чаргу, гэта тычыцца сістэм водапаення і гноевыдалення. Прыпынілі прагулкі жывёлы на адкрытым паветры. Узмацнілі рацыён жывёлы, таму што на абагрэў ёй прыходзіцца выкарыстоўваць вялікую колькасць энергіі. І тым не менш надоі знізіліся вельмі адчувальна. Прычым, калі такія тэмпературы – моцны стрэс для дарослых кароў вагой па 500-600 кілаграмаў, то што казаць пра цялят. Малышы пакутуюць ад маразоў найбольш. Асаблівую трывогу выклікаюць малочна-таварныя комплексы – яны пабудаваны па еўрапейскіх праектах, непрыстасаваных да нашага клімату. Робім усё магчымае. Стараемся звесці страты да мінімуму.