З 15 сакавіка да 15 красавіка на рэспубліканскіх дарогах дзейнічаюць абмежаванні нагрузак
Разбуральнае ўздзеянне цяжкага транспарту на дарожнае палатно і маставыя збудаванні стала прычынай таго, што практычна ва ўсіх краінах свету рост поўных мас і восевых нагрузак аўтамабіляў стрымліваюцца рознымі заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі. Наша краіна – не выключэнне.
Вясной падчас інтэнсіўнага адтавання дарожнага адзення, калі рэзка зніжаецца апорная здольнасць дарог з-за пераўвільгатнення асновы землянога палатна, а канструкцыя дарог разбураецца пад уздзеяннем восевых нагрузак, у рэспубліцы ўводзяцца сезонныя абмежаванні.
З 15 сакавіка да 15 красавіка на рэспубліканскіх дарогах дзейнічаюць абмежаванні нагрузак у межах ад 6 да 9 тон на адзіночную вось транспартных сродкаў.
Часовыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на транспартныя сродкі, якія ажыццяўляюць перавозкі пасажыраў, лекавых прэпаратаў, гаруча-змазачных матэрыялаў, насеннага фонду, жывёлы, кветак, пошты і паштовых грузаў, скорапсавальных грузаў, гуманітарнай дапамогі, а таксама перавозкі, звязаныя з папярэджаннем ці ліквідацыяй надзвычайных сітуацый. Не ўводзяцца абмежаванні і на асноўных маршрутах руху транзітнага транспарту.
Згодна з заканадаўствам перавозчыкі нясуць адказнасць за пашкоджанні, выкліканыя рухам транспарту з парушэннем абмежаванняў. Кантроль за праездам цяжкавагавых і (ці) буйнагабарытных транспартных сродкаў ажыццяўляецца ў аўтадарожных пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, на аўтадарогах Рэспублікі Беларусь, на стацыянарных і перасовачных пастах вагагабарытнага кантролю.
У адпаведнасці з артыкулам 18.43 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях упраўленне цяжкавагавым і (ці) буйнагабарытным транспартным сродкам без спецыяльнага дазволу, з парушэннем умоў праезду ці адхіленнем ад маршруту цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Нагадаем: з 1 красавіка базавая велічыня складзе 100 000 рублёў.
Каб пазбегнуць штрафных санкцый, перавозчыкам варта загадзя паклапаціцца аб атрыманні спецыяльнага дазволу на праезд, а пры наяўнасці яго прытрымлівацца ўстаноўленага ў ім маршруту руху.
Мы ўсе зацікаўлены ў нармальным стане дарог. Дрэнныя дарогі – гэта аварыйнасць, разбітая падвеска аўтамабіляў, дарагі рамонт, зніжэнне хуткасці перавозкі грузаў. У сувязі з гэтым неабходна сумеснымі намаганнямі не дапусціць разбурэння аўтамабільных дарог у перыяд дзеяння сезонных абмежаванняў.
Аляксандр РЭУТ, начальнік транспартнай інспекцыі АПП “Катлоўка”.