З 1 па 31 сакавіка ўстаноўлена забарона на лоўлю шчупака

Для большасці насельнікаў нашых рэк і азёраў вясна – час нерасту. Адным з першых прыступае да гэтага адказнага моманту свайго жыцця шчупак. Для таго, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для яго нерасту, Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства з 1 па 31 сакавіка ўстаноўлена забарона на лоўлю шчупака. Лавіць гэтых рыб нельга, а калі шчупак выпадкова патрапіць на кручок, яго трэба адпусціць назад у вадаём.

Тэрміны лоўлі шчупака не пераносяцца і не мяняюцца ў залежнасці ад умоў надвор’я.
У інспекцыю паступае шмат званкоў ад рыбаловаў-аматараў з просьбай растлумачыць, як правільна замераць даўжыню рыбіны і як лімітуецца вылаў рыбы, якая не дасягнула прамысловай меры.
Даўжыня рыбы – гэта яе памер ад вяршыні галавы (пры закрытым роце) да канца чашуйчатага покрыва, а пры яго адсутнасці – да аснавання сярэдніх промняў хвастовага плаўніка.
Для шчупака мінімальная прамысловая мера (даўжыня) складае 35 сантыметраў. Норма вылаву рыбы, якая не дасягнула прамысловай меры, устаноўлена Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства: 20 працэнтаў ад колькасці вылаўленай рыбы кожнага з відаў, для якіх дадзеная мера ўстаноўлена. Адсюль выцякае, што калі ва ўлове рыбалова-аматара 10 шчупакоў, то два з іх могуць быць меншымі ад вызначанай прамысловай даўжыні (менш 35 сантыметраў). Рэшту маленькіх шчупакоў рыбалоў абавязанны адпусціць у вадаём.
Не лішнім будзе нагадаць, што 28 лютага завяршаецца забарона на лоўлю наліма.


Сяргей ХАЦЯНОВІЧ, начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.