З 1 па 30 лістапада на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі
Нягледзячы на тое, што прымаюцца ўсе меры, у Гродзенскай вобласці склалася крайне трывожная абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей на іх. У гэтым годзе ахвярамі агню сталі 97 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей.
У сувязі з гэтым з 1 па 30 лістапада на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі.
Падчас месячніка будуць правярацца домаўладанні грамадзян для выяўлення і своечасовага ўхілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць узнікненню пажараў, а таксама іншых правапарушэнняў. Створаны камісіі па праверцы жыллёвага сектара, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі сельвыканкамаў, органаў унутраных спраў, сацабароны, аддзела па надзвычайных сітуацыях. Арганізавана правядзенне сельскіх сходаў з растлумачэннем грамадзянам патрабаванняў пажарнай бяспекі з дэманстрацыяй фільмаў супрацьпажарнай тэматыкі.
Нагадваем, што ўласнікі кватэр, дамоў і кватэраз’ёмшчыкі на падставе арт. 19 Закона “Аб пажарнай бяспецы” абавязаны прадастаўляць правяраючым органам магчымасць правесці пажарна-тэхнічнае абследаванне жылых і падсобных памяшканняў. Не дапускаецца абследаванне толькі ноччу – з 22.00 да 6.00.
Паважаныя жыхары Астравецкага раёна, беражыце сябе і сваіх блізкіх. Не ігнаруйце элементарныя правілы бяспекі. Памятайце: ад гэтага залежыць ваша жыццё.
Эдуард МАЛЫШКА.