Юные островчане снимают видео, поют и танцуют

СПАБОРНІЧАЛІ ВІДЭААПЕРАТАРЫ І РЭЖЫСЁРЫ

Раённы этап абласнога конкурсу “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”, удзельнікамі якога сталі вучні і настаўнікі школ, прайшоў у Астраўцы.

Перад вучнямі і настаўнікамі стаяла няпростая задача – за 1 хвіліну неабходна было расказаць, як важна быць абаронцам Айчыны – рабятам прапаноўвалася стаць відэааператарамі і рэжысёрамі невялікіх відэаролікаў.
Рызыкнулі праявіць сябе ў гэтай якасці толькі шэсць калектываў юных рэжысёраў – яны і прадставілі на суд журы шэсць відэаролікаў.
Перамогу ў гэтым конкурсе святкавалі прадстаўнікі Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання – А.В. Макарава, Аляксей Гудойць, Даруш Кімса і Дзіма Білык, другое месца занялі В.М. Кавалеўская і Віталій Гайдановіч з СШ №1, трэцяе падзялілі Ілона Жалток, Марта Горбаль, Вадзім Анішчук і Н.А. Хадоркіна з Гудагайскай СШ, Дзмітрый Чапукойць і А.І. Юркойць з Варнянскага НПК.
Цяпер ролікі астравецкіх рэжысёраў і відэааператараў удзельнічаюць у аднайменным абласным конкурсе, які праходзіць у Гродне.

«СЛАЎНЫЯ» ФІНАЛІСТЫ

Фінал музычна-танцавальнага конкурсу “Хвіліна славы” прайшоў у астравецкай гімназіі №1.

Пасля адборачнага этапу ў фінал трапілі самыя музычныя, танцавальныя і творчыя нумары гімназістаў. Спаборніцтвы праходзілі па намінацыях – заявіць пра сябе можна было ў вакальнай творчасці, танцах, выкананні твораў на музычных інструментах, дэманстрацыі мадэляў адзення.
Членам журы прадстаяла нялёгкая работа – ім неабходна было выбраць лепшых і аб’явіць вынікі конкурсу.
Здаецца, што можа быць прасцей, чым выйсці на сцэну і праспяваць любімую песню? Стараліся ўсе, некаторыя хваляваліся, голас дрыжэў, не хапала паветра. Іншыя, наадварот, глядзеліся на сцэне, як сапраўдныя прафесіяналы.
У выніку пасля доўгіх дэбатаў першае месца журы падзяліла паміж Алісай Шадура, Таццянай Глаўдзель, Юляй Івашка і Веранікай Бяляўскай. Другое месца было прысуджана Кірылу Герману, Паўлу Дземяшкевічу, Данілу Казаку, Ягору Бордаку і Вікторыі Рудай.
Засвяціліся падчас “Хвіліны славы” і яркія зорачкі студыі “ШЫК” – вучаніцы сярэдніх класаў пад кіраўніцтвам Ю.В. Буневіч і І.І. Шлыковіч прадэманстравалі новую калекцыю адзення з другаснай сыравіны, за што атрымалі ўдзячныя апладысменты гледачоў.
А якія цікавыя і прыгожыя танцы падрыхтавалі ўдзельнікі гімназічнай “Хвіліны славы”! Роўных тут не было трэцякласніцам Дар’і Казюлевіч і Насці Азевіч – дзяўчынкі сталі першымі. Другое месца журы прысудзіла танцавальнаму калектыву 7 «а» класа.
На жаль, не так часта мы можам пачуць выкананне класічных твораў на музычных інструментах. На гімназічным конкурсе былі і такія нумары, якія цудоўна выканалі сямікласніца Дзіяна Цэйка і вучаніца 4 класа Насця Філістовіч.
Журы таксама адзначыла мастацкія нумары Максіма Палачанскага, Ксеніі Кумішча, Алісы Шадура, Данііла Дарашкевіча, Алёны Івашка і Сашы Юрэвіч.
Усе пераможцы і ўдзельнікі фіналу былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі, набытымі пры падтрымцы раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Фота з сайтаў nr2.ru і 100faktov.info.