Юности в шинелях посвящается. Чему в армии учили Виталия Недолтовского
Са школьнай лаўкі на армейскую трапіў Віталь Недалтоўскі.
– Мая часць 22249 знаходзілася пад Мінскам, гэта была «вучэбка» інжынерных войскаў.
Прызывалі нас з аднакласнікаў адразу траіх: мяне, Сяргея Казакевіча і Дзіму Барысевіча. Трапілі ў розныя войскі. Служыць ішоў з ахвотай, думаў, можа, якія перспектывы там «намалююцца». У прынцыпе, так і атрымалася: пасля службы ў часць прыехалі прадстаўнікі сталічнай фірмы, прапанавалі па атрыманай тут спецыяльнасці аўтакранаўшчыка на работу ісці і жыллё ў Мінску давалі. Але маладосць: я не ведаў яшчэ, чаго хацеў, таму спачатку адмовіўся, а калі рашыўся – месца ўжо занялі…
Забіралі нас з астравецкага ваенкамата. Пасадзілі на аўтобус да Гродна, там было размеркаванне. Папярэдне чуў інфармацыю, што там, на Фолюшы, і застануся, але ва ўліковым талоне, як аказалася, стаяла пазнака «вучэбны цэнтр».
Цягніком дабіраліся да Мінска. Першае адчуванне было класным, мабыць, падскочыў адрэналін. А потым нас пасадзілі ў закрыты фургон. Нібы з завязанымі вачыма ехалі: дарогі не бачылі, куды вязуць, не ведалі… Тыя яшчэ пачуцці! (Смяецца.)
На месцы з першага дня пайшла страявая – і мазалі… Цяжка было боты насіць – берцаў тады не выдавалі. Гарадскія хлопцы пакутвалі, вясковым прасцей – яны такі абутак ведалі. І вытрымка, і фізічная падрыхтоўка ў вяскоўцаў таксама лепшыя. А як мы анучы на ногі маталі! Спачатку далі нам па два вялікія кавалкі – нагам мякка было. А потым з кожным мыццём анучы рабіліся ўсё меншымі – і абутак націраў да крывавых мазалёў. Нічога, прывыклі і ногі на месцы засталіся. (Смяецца.)
Каўнерыкі самі падшывалі. Няпроста многім было вытрымаць правільную шырыню тканіны ў запалкавы пачак і сцяжкі пэўнай даўжыні.
Самым складаным для мяне было рыхтавацца да параду: тры месяцы страявой у любое надвор’е. Да поўнага «набору» паставілі мяне яшчэ і ў роту ганаровай варты…
Увогуле ж фізпадрыхтоўка, страявая, стрэльбы на палігоне – будні любога салдата.
У арміі мы вучыліся вельмі шмат, можа, нават больш, чым у школе. На размеркаванні мяне адправілі вывучаць аўтамабільныя краны. Першыя паўгода пісаў канспекты, вучыў, затым здаваў залікі. Матывацыя была добрая: не здаў – на ўзмоцненую страявую або ў нарад.
Цікава было, прынамсі, гэтыя першыя шэсць месяцаў. І яшчэ столькі ж – пакуль сам, ужо як намеснік камандзіра ўзвода, выкладаў для «маладых». А астатнія паўгода хацелася дахаты. (Смяецца.)
Да слова, праз год маёй службы ў Барысаве сфарміравалі адзіны вучэбны цэнтр па ўсіх ваенных спецыяльнасцях. І мы пераехалі туды. Апошнія некалькі месяцаў на новым месцы давялося складана, але за работай па добраўпарадкаванні дні праляцелі хутка.
Увогуле вольнага часу не было, у канцы дня хоць бы ногі да ложка данесці.
Першы звальніцельны атрымаў усяго на некалькі гадзін – прайшоўся па Мінску. Другі – на трое сутак, з якіх дома пабыў толькі адны, астатні час пайшоў на дарогу. Ну і месяц адпачынку ніхто не адмяняў.
Дэмабілізавалі нечакана: на два тыдні раней – 31 снежня. Бацькам у апошні момант патэлефанаваў, маўляў, забірайце з цягніка, дахаты на Новы год еду!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
