Юбілейная канферэнцыя ветэранаў Астравеччыны

У кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшла канферэнцыя Астравецкай раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў”, прысвечаная 25-годдзю стварэння гэтай арганізацыі.


З раніцы ў кінаканцэртную залу “Астравец” пачалі з’язджацца і прыходзіць ветэраны вайны і працы, воіны-інтэрнацыяналісты, пагранічнікі, супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якіх на ўваходзе сустракалі валанцёры атрада “Чырвонага Крыжа” “Прамень”. А ў фае разгарнуліся фотавыстава аб дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі, выстава кніг і часопісаў, прымеркаваная да юбілею. Тут жа гучала музыка – гасцей сустракаў узорны дзіцячы духавы аркестр школы мастацтваў пад кіраўніцтвам А.М. Антановіча.
Адкрыў урачыстую канферэнцыю намеснік старшыні райвыканкама В.З Свіла, які павіншаваў усіх з 25-годдзем стварэння арганізацыі і падзякаваў ветэранам за іх подзвіг і працу. У сваім выступленні Віктар Збігневіч успомніў першага старшыню ветэранскай арганізацыі Уладзіміра Платонавіча Буракова, які стаяў ля вытокаў яе стварэння, і выказаў надзею, што і сёння ветэраны будуць прымаць актыўны ўдзел у развіцці раёна.
З дакладам аб дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі выступіў цяперашні старшыня Расціслаў Арсеньцевіч Герт. Ён спыніўся на галоўных задачах ветэранскай арганізацыі і расказаў аб рабоце самых актыўных пярвічных ветэранскіх арганізацый – СВК “Гервяты”, СВК “Міхалішкі”, СВК “Варняны”, цэнтральнай раённай бальніцы, аўтапарка №4 і іншых. Расціслаў Арсеньцевіч выказаў словы ўдзячнасці старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку, яго намесніку В.З. Свілу і старшыні раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвічу, а таксама кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна за падтрымку і разуменне праблем ветэранаў. У канцы выступлення Расціслаў Арсеньцевіч заклікаў маладое пакаленне паважаць, захоўваць і цаніць памяць аб мінулым.
Слова ад моладзі было прадстаўлена першаму сакратару раённай арганізацыі ГА БРСМ М.М. Кутовіч, якая расказала пра дзейнасць валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў, пра супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй і пра акцыі, якія праводзіць саюз моладзі.
Ваенны камісар раёна Ігар Мікалаевіч Чычварын павіншаваў ветэранаў з юбілейнай датай і пажадаў заставацца актыўнымі і дзейснымі.
Ірына Мікалаеўна Жалток, намеснік дырэктара Гудагайскай школы пазнаёміла прысутных з накірункамі выхаваўчай работы, якія паспяхова рэалізуюцца ў школе. “Ветэранам – наш клопат”, “Падары цяпло таму, у каго ў гэтым ёсць патрэба”, “Міласэрнасць”, “Ветэраны жывуць побач” – акцыі, у якіх з задавальненнем удзельнічаюць вучні і педагогі школы.
Пра работу школьнага музея імя Ушакевіча гімназіі №1 гаварыла намеснік дырэктара Алена Пятроўна Васільчык.
Слова было прадстаўлена і старшыні раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане С.С. Цітку. Сцяпан Сцяпанавіч рос і выхоўваўся на расказах пра вайну дзеда і бацькі. І калі давялося выконваць грамадзянскі абавязак – перад выбарам не стаяў: быў да гэтага гатовы. Прайшоўшы праз гарніла вайны і зведаўшы боль і пакуты сяброў і блізкіх, Сцяпан Сцяпанавіч гаворыць, што ўдзячны Прэзідэнту краіны за тое, што нашым дзецям не даводзіцца ўдзельнічаць у войнах і міжнацыянальных канфліктах. Сцяпан Сцяпанавіч уручыў кнігу “Удалечыні, за ракой: воіны-інтэрнацыяналісты Гродзенскай вобласці ў Афганскай вайне. 1979-1989 гады”, выдадзеную пры падтрымцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама С.Б. Шапіры, намесніку дырэктара Гудагайскай школы І.М. Жалток.
Намеснік галоўнага ўрача па ідэалагічнай рабоце Т.З. Субаткевіч расказаў пра работу пярвічнай арганізацыі ветэранаў, якая створана пры цэнтральнай раённай бальніцы. Тадэвуш Зыгмундавіч падзяліўся таксама планамі па стварэнні музея аховы здароўя, у якім ужо сабраны некалькі экспанатаў, самы важны з якіх – кніга загадаў, першы запіс у якой зроблены 7 ліпеня 1944 года.
Старшыня ветэранскай арганізацыі Гервяцкага сельсавета Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі расказаў пра цеснае супрацоўніцтва пярвічнай арганізацыі з СВК “Гервяты” і яго кіраўніком А.У. Янчэўскім. Ён прывёў прыклады, калі дзякуючы падтрымцы праўлення кааператыва былі палепшаны жыллёвыя ўмовы ветэранаў працы, расказаў пра супрацоўніцтва са школамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета і СВК.
Карысную і цікавую інфармацыю падрыхтавала для прысутных начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Мікалаеўна Іванова. Яна расказала пра пенсійнае забеспячэнне ветэранаў вайны і працы, пра комплексныя праграмы, якія рэалізуюцца ў рэспубліцы і забяспечваюць падтрымку насельніцтва.
Прысутнічаў на канферэнцыі член прэзідыума абласнога савета ветэранаў, старшыня абласнога саюза афіцэраў Міхаіл Аляксандравіч Жураўкоў, які выказаў словы ўдзячнасці ўсім ветэранам вайны і працы, і ўзнагародзіў граматамі Гродзенскага абласнога савета ветэранаў Р.А. Герта і М.І. Дземяшкевіч.
Праект звароту членаў прэзідыума раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” зачытала М.М. Кутовіч. Пасля ўрачыстай часткі канферэнцыі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Т.М. Букель, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі М.І. Краснік і ветэран працы М.П. Вайцяхоўскі ўсклалі вянок да помніка савецкіх воінаў і партызанаў у Астраўцы.
А ўсіх удзельнікаў канферэнцыі запрасілі на прагляд відэафільмаў аб дзейнасці раённай арганізацыі ветэранаў і пра воінаў-афганцаў.
Святочнае мерапрыемства прадоўжылася ўзнагароджваннем. Ганаровымі граматамі раённай арганізацыі ветэранаў былі адзначаны А.Я. Клімчэня, Т.Б. Памецька, Т.М. Букель, К.Л. Лянкевіч, А.С. Сухадольская, І.Э. Тальчук, А.В. Жук, Г.К. Мілэйша, В.М. Вайшнаровіч, Я.М. Александровіч, А.Я. Ліпская, І.С. Пашкевіч, А.П. Васільчык, А.А. Галагаеў, В.П. Хевук, В.І. Горбаль, І.М. Жалток, Л.А. Гродзь, В.І. Бугаёва, М.М. Кутовіч, С.С. Ціток, В.А. Казлоўскі, В.І. Ждановіч.
Р.А. Герт павіншаваў з юбілеямі з дня нараджэння і ўручыў прывітальныя адрасы раённай арганізацыі ветэранаў Э.І. Лянкевіч і М.Р. Ліпскаму.
В.З. Свіла ўручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта намесніку старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Мар’яну Іосіфавічу Красніку.
Пасля ўрачыстай часткі пачаўся святочны канцэрт – песні ветэранам падарылі таленавітыя артысты аддзела культуры.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.