Якія нумары «АП» і чаму захоўваюцца ў сямейным архіве Дзіяны Сазон

«Астравецкая праўда» стала для Дзіяны Сазон не проста верным спадарожнікам, з дапамогай якога яна даведваецца пра навіны і падзеі раёна, вобласці і краіны. На старонках газеты, сайце і ў сацыяльных сетках сям’я астраўчанкі – часты і жаданы госць. 

– Колькі сябе памятаю, столькі я з «АП»: яшчэ бабулі і дзядулі выпісвалі газету, звычайна паквартальна. Атрымлівалі «раёнку» і падрабязна знаёміліся з надрукаваным, а потым абмяркоўвалі тое, што больш за ўсё зачапіла. Адзначу, што самымі папулярнымі заўсёды былі віншаванні і спачуванні – імёны знаёмых у першым выпадку ўспрымалі з радасцю, у апошнім – зразумела, са смуткам.

Што больш падабаецца чытаць? Не застаюцца па-за ўвагай палітычныя пытанні, публікацыі пра людзей, тэма духоўнасці. Асабліва дзякую за апошні артыкул пра нашага ксяндза Андрэя Горбача – матэрыял атрымаўся добрым і душэўным, такім, якім і быў святар.

Неаднойчы на старонках газеты пісалі пра маму. Яна як настаўнік беларускай мовы і літаратуры асабліва цікавіцца «Літаратурнай старонкай» – гэтыя нумары, як і іншыя, дзе ёсць хтосьці з сям’і, захоўваем. Самая першая такая «раёнка» ў нас з 2011 года.

Я была гераіняй праекта «Стоп-лінія» ў 2017 годзе. Сям’ёй удзельнічаем у конкурсах і фотамара­фонах. Так, перамагалі ў конкурсах «Шчаслівыя разам» у 2018 годзе, «Час збіраць» у 2016-м. Традыцыю працягвае старэйшы сын Міша: у 2022 годзе ён атрымаў Дыплом пераможцы ў конкурсе «Дарункі восені», сёлета яго фотаздымак «Космас наш – і «раёнка» наша» быў у фотамарафоне «Час збіраць – і здымаць». Удзельнічаць у конкурсах Мішу дапамагае бабуля Оля, але і я крыху прыдачыняюся – займаюся аздабленнем работ, калі гэта неабходна.




Канешне, зараз больш чытаю матэрыялы «Астравецкай праўды» у інтэрнэце – на сайце і ў суполцы газеты ў «Інстаграме», але і папяровы варыянт выпісваю. Лічу, што наша «раёнка» ідзе ў нагу з сучаснасцю, знаходзячы сабе прыхільнікаў сярод карыстальнікаў гаджэтаў і сусветнага павуціння.


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: из архива героини