Якімі сябе бачаць праз 10 гадоў студэнты з Астравеччыны
1. Як бы вы прадставіліся чытачам «Астравецкай праўды»?
2. Хто або што прадвызначыла выбар прафесіі?
3. Ці цяжка было рыхтавацца да паступлення?
4. Праўда, што ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела?
5. Давайце памарым: уявіце сябе праз 10 гадоў. Кім вы будзеце і ў якой сферы сябе бачыце?
Ангеліна Тамашэвіч, другакурсніца факультэта тэхналогіі кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (родам з аг. Варняны):1. Найлепш мяне ахарактарызуе мой жыццёвы дэвіз: час не любіць, калі яго трацяць упустую. Я вучуся, стасуюся, знаёмлюся, чытаю, гляджу цікавыя фільмы і не шкадую часу на сям’ю і сяброў.
У школе мне падабаліся прадметы гуманітарнага накірунку. Варнянскі НПК я закончыла з залатым медалём і мэтанакіравана паступіла ў БНТУ, спынілася на спецыяльнасці «інжынер-энергаменеджар».
Я ў захапленні ад студэнцкага жыцця, прафесіяналізму выкладчыкаў і неверагодных магчымасцяў для самаўдасканальвання: тэатральныя гурткі, спартыўныя секцыі, курсы замежных моў – можна выбраць усё, што душы заўгодна.
2. З дзяцінства мне падабаліся творчасць і мастацтва – у будучыні я бачыла сябе пейзажыстам ці дызайнерам. Памятаю, уяўляла, што ў мяне абавязкова будзе ўтульны кабінет з вялікімі панарамнымі вокнамі і незвычайным інтэр’ерам – і там я буду пісаць свае шэдэўры… (Усміхаецца.) Напэўна, сваю ролю ў гэтым адыгралі заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў. Педагог па маляванні Таццяна Аляксандраўна Шэйна была захоплена сваёй справай, у яе гарэлі вочы ад таго, што яна робіць, – гэта перадавалася і нам. У больш свядомым узросце я зразумела, што хачу звязаць сваё жыццё з менеджментам. Заставалася толькі выбраць універсітэт. Падчас уступнай кампаніі звярнула ўвагу на спецыяльнасць «энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент». Падумала: чаму б і не? Пасля вуза можна працаваць і эканамістам, і інжынерам, і развівацца ў галіне энергетыкі, што мне падаецца вельмі актуальным у сувязі з будаўніцтвам АЭС на Астравеччыне.
3. Я разумела, што давядзецца шмат папрацаваць і папацець, каб атрымаць спецыяльнасць, пра якую мару, на бюджэтнай аснове. Пасля 11 класа мне трэба было здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Лягчэй за ўсё давалася мова – і гэта дзякуючы настаўніцы Валянціне Андрэеўне Боўша, якая прывіла мне любоў да гэтага прадмета яшчэ ў сярэдніх класах. «Разбірацца» з матэматыкай мне дапамагалі светлай памяці Паліна Іванаўна Павіраева і Ганна Людвікаўна Праўлуцкая. Дзякуючы іх намаганням, за 2 гады мой узровень ведаў значна палепшыўся. А вось фізіку вучыла сама: складала планы, пісала канспекты на тыдні і дні, пазначала, што абавязкова трэба вывучыць сёння і колькі зрабіць заданняў. Будучым абітурыентам магу даць параду: для паспяховай здачы тэстаў падрыхтоўка павінна быць рэгулярнай.
4. Што ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела – гэта закон. (Усміхаецца.) А ночы перад экзаменамі – самыя чароўныя ў годзе. Напэўна, так ва ўсіх студэнтаў. Калі напярэдадні іспыту ты імкнешся за некалькі гадзін асвоіць матэрыял усяго семестру, калі абяцаеш сабе, што ў далейшым будзеш граматна размяркоўваць свае сілы і час, калі не мыеш галаву, падкладваеш пад пятку «пятак»… І што тут спрацоўвае – вера ў цуды, настрой ці веды – не ведаю. Але ўсе сесіі я здала паспяхова, атрымала шмат «аўтаматаў» і на пераздачы не бегала.
Асабліва хвалюючым для мяне быў удзел ў творчым фестывалі першакурсніка. Флэшмоб да 100-годдзя БНТУ, спаборніцтвы па валейболе, перамога ў конкурсе «Ліст каму заўгодна». Студэнцкае жыццё настолькі яркае і насычанае, што хочацца проста разарвацца, каб усюды паспець.
5. Не ведаю, ці буду працаваць па спецыяльнасці, – але веру, што я буду шчаслівай у кар’еры і ў сям’і. Яшчэ абавязкова буду шмат падарожнічаць. Свет такі вялікі і цікавы, што правесці сваё жыццё на адным месцы мне падаецца недаравальнай памылкай. Хочацца, каб можна было вяртацца ў родны дом і бачыць, што ўсе здаровыя і шчаслівыя. Ну і, канешне, як жа без сваёй кватэры з вялікімі панарамнымі вокнамі…
Іван Васілеўскі, трэццякурснік факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (родам з в. Горшавічы):1. Я звычайны студэнт. (Усміхаецца.) Вучуся ў БДТУ па спецыяльнасці «ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў».
2. Я сам выбіраў, куды паступаць і кім хачу стаць. З дзяцінства люблю прыроду і ўсё, што з ёй звязана, таму дзесьці з сярэдніх класаў бачыў сябе ў прыродаахоўнай галіне. У 10 класе на сайце БДТУ знайшоў спецыяльнасць, якая зачапіла. Пасля здачы першага рэпетыцыйнага тэсціравання зразумеў, што прайду на бюджэт.
3. Для паступлення мне трэба было здаваць матэматыку, хімію і мову. Алгебра і геаметрыя ў школе мне лёгка даваліся, удзячны за гэта настаўніку Яўгену Іванавічу Лукшу. Але для падстрахоўкі яшчэ займаўся і з рэпетытарам. Беларуская мова таксама не выклікала цяжкасцей, а вось з хіміяй былі праблемы. Гэты прадмет я самастойна асвоіў, наколькі дазвалялі сілы, – і адзнака па ЦТ пацвердзіла, што мае намаганні былі недарэмнымі.
4. Больш скажу, студэнты і падчас сесіі жывуць весела. Столькі цікавых сустрэч здарылася за гэты час, а кур’ёзаў… Да ўніверсітэта я нічога не ведаў пра гандбол. На занятках фізкультуры трэнер па гэтым відзе каманднага спорту прапанаваў мне паспрабаваць свае сілы. (Усміхаецца.) Ужо 2,5 гады гуляю за зборную ўніверсітэта.
5. Я нацэлены працаваць па спецыяльнасці, таму бачу сябе інжынерам па ахове навакольнага асяроддзя на якім-небудзь прадпрыемстве.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
