Якім было надвор’е 6-12 ліпеня

6 – 12 ліпеня

Аналізуючы дзённікі Стэфана Ра­мэй­кі і Станіслава Памецькі, зрабіла адкрыццё: назіранні за надвор’ем робяць чалавека філосафам. Бо якім бы гарачым, халодным, дажджлівым ці засушлівым ні выдаўся месяц, прыходзіш да высновы: і гэта было… Калі не з дакладнасцю да дзясятай долі градуса, то блізка каля таго, калі не ў гэты тыдзень, то ў наступны ці мінулы…

Да прыкладу, на мінулым тыдні метэаролагі паведамлялі, што тэмпература паветра біла шматгадовыя рэкорды. Але не менш гарачым быў тыдзень з 6 па 12 ліпеня 2021 года: па запісах Станіслава Памецькі, слупок тэрмометра не апускаўся ніжэй за +300С, а сярэдняя тэмпература склала 31 градус.
Спякотным, хоць і не настолькі, выдаўся пачатак ліпеня ў 1989, 1994, 2001, 2002, 2012, 2014 гадах. 

А ў 1993 годзе ў гэты перыяд штодня ішлі дажджы і тэмпература складала ад +120С 6 ліпеня да +200С  – восьмага, потым узнялася да +250С. Халаднаватым, да +200С, выдаўся пачатак ліпеня і ў 1990, 1996, 2003, 2004, 2009, 2019 гадах. 

Дажджы, навальніцы – частыя госці ліпеня. Але здараліся і засушлівыя гады, калі Стэфан Рамэйка ў роспачы пісаў: «Усё пагарэла, няма дзе карову навязаць».

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

12 ліпеня адзначаецца праваслаўнае свята Пятра і Паўла, з якім звязана шмат народных прыкмет. Канстатуючы, што час паварочвае да восені, казалі: «Прайшоў Пятрок – апаў лісток, прайшоў Ілля (2 жніўня) – апала два». 

У народзе заўважалі: калі жоўтыя лісты на дрэвах сталі з’яўляцца ў ліпені – восень будзе ранняй.

Лічылася, што зязюля кувае ад Юр’я да Пятра, а потым «давіцца ячменным коласам». Па адхіленнях ад гэтай заканамернасці прыкмячалі: калі зязюля перастане куваць да Пятра, то восень будзе халоднай, а зіма – ранняй; калі ж спыніцца на самога Пятра, то зіма на Усе Святыя (каталіцкае свята) ляжа.
Прыкмячалі надвор’е ў дзень свята: калі на Пятра дождж, то на Новы год бу­дзе завіруха. А яшчэ казалі: «Калі Пётр з Паўлам плачуць, то людзям праз тыдзень сонца не ўбачыць».


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК


Фото: Светлана Фёдорова