Як здабывалі хлеб нашы продкі, расказвае Іаланта Валуевіч
Убачыўшы ў садзе дзіўнай канструкцыі агрэгат, спытала пра яго прызначэнне. Гаспадыня патлумачыла, што гэта арфа, якая служыла для ачысткі зерня. «Хочаш, пакажу ўвесь ланцужок прылад працы – ад нівы і да хлеба, якімі карысталіся нашы продкі?» – спытала Зофія.
Яшчэ б я не хацела!
Такім чынам, знаёмцеся і вы, шаноўныя чытачы…
САХА
Самая старажытная і прымітыўная прылада, прызначана для першаснай апрацоўкі зямлі. Вядома з тых часоў, як толькі чалавек пачаў абрабляць глебу. Слова «саха» азначае развілку дрэва, рагатку. Са старажытнасці яна практычна не змянілася, хіба што некаторыя ўмацоўвалі яе жалезнымі сашнікамі.
…Калі ўзялася за адшліфаваныя мазолістымі рукамі некалькіх пакаленняў аратых ручкі сахі, усплылі ў памяці радкі з верша І. Нікіціна: «Едет пахарь с сохой, едет, песню поёт, по плечу молодцу всё тяжёлое». Падумалася: чаму цяжкае, калі саха сама па сабе лёгкая? Аказваецца, з-за сваёй лёгкасці яна выбіваецца з зямлі пры найменшай перашкодзе і трэба прыкладаць намаганні, каб яе ўтрымаць у баразне.
На Спондаўшчыне сахой для акучвання раслін на пясчаных землях карысталіся да апошняга часу.
Памятаю, была і ў нас маленькая, лёгкая сошка для акучвання. Неяк падчас вучобы ў інстытуце прыехала дахаты з сяброўкай – дачкой палкоўніка, вытанчанай дзяўчынай, якая неўзабаве стала мне братовай. Стаяла спякотнае лета, мы загаралі. Бацькі падышлі да палеткі з буракамі і сталі раіцца, як іх акучыць. Калі канём, то буракі павыварочваюцца. «Трэба сошкай і саматугам», – зрабіў выснову бацька – і выразна паглядзеў у наш бок. Мы запратэставалі – але куды дзенешся. Смеючыся, пацягнулі саху. На самой справе гэта аказалася зусім не цяжка, але для нас, «гарадскіх» паненак, здавалася ганебным. Сяброўка потым часта, смеючыся, расказвала, як свякры нявестку ў саху запрагалі.
БАРАНА
Яна з’явілася не нашмат пазней за саху. Самая прымітыўная барана ўспамінаецца ў старажытным Рыме ў І стагоддзі да н.э.
Славяне сталі карыстацца бараной-сукаваткай пазней, у канцы І стагоддзя н.э. Яе рабілі з яловых верхавін з абсечанымі сукамі і затым цягнулі вяроўкай па полі. Выкарыстоўвалі звычайна для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля і пры пасеве, каб прыгарнуць насенне.
Потым сталі рабіць бароны ў выглядзе драўлянай рамы з зубамі. Каб прыціснуць лёгкую барану, на яе клалі груз, а часам нават садзілі дзяцей пакатацца.
Пазней змянілі дрэва на метал: спачатку металічнымі сталі зубы, а потым і рамы.
З бараной было звязана многа народных павер’яў – лічылася, што яна аберагала і абараняла. Бараной праганялі бяду і хваробы, з ёй звязвалі замужжа, нараджэнне дзяцей і смерць. Лічылася, што цягаць барану без справы – цяжкі грэх, гэта магло наклікаць страшныя беды: мор жывёлы, пажары, эпідэміі.
ДРАПАК
Драпак, ці культыватар , – жалезная прылада з пяццю, а параконны – з сямю вострымі наканечнікамі-зубамі. Ён з’явіўся шмат пазней за саху, выкарыстоўваўся для апрацоўкі дзернавой зямлі.
Не ведаю чаму, але ў часы маёй маладосці драпакамі жартам называлі старыя або непрэстыжнай маркі матацыклы.
Хоць плуг успамінаецца яшчэ ў Евангеллі ад Лукі: «Ісус сказаў: хто, усклаўшы руку сваю на плуг, аглядаецца назад, не варты Царства Божага» (9.62.), канчаткова ён замяніў саху толькі напачатку ХХ стагоддзя.
Плуг прызначаны для пераварочвання зямлі. Забяспечаны полазам, на канец якога насаджаны лемех, плужны нож, адвал, які адкідае ўбок пласт зямлі.
Нашы продкі шанавалі зямлю і прылады для яе апрацоўкі, таму плугі на поле везлі на возе, на перавернутай баране ці цягнулі на спецыяльнай драўлянай падстаўцы, пазней – на гумавым коле.
Заможныя гаспадары мелі параконныя плугі. Кавалі іх у кузнях, якія некалі былі амаль у кожнай вёсцы. Апошнія майстры з іх шматлікай кагорты, якіх яшчэ памятаюць на Спондаўшчыне: Іван Шапель і Нікадзім Козел з Кісялёў, Баляслаў Шапель з Клюшчан, Зыгмунд Памецька з Трашчан, Бэрнард Дзевялтоўскі з Жэлядзяў, Альфонс Лаўрыновіч са Спондаў.
Сеялі збожжа з дапамогай сявалак – саламяных ці лубяных шчыльных ёмістасцей, зробленых з кары ліпы, лазы ці вяза. Туды засыпалася насенне, сявалка вешалася на плячо – і сейбіт ішоў па падрыхтаваным полі, набіраючы ў жменю і рассяваючы зярняты.
СЕРП
Жніво ў чарадзе сельгасработ займала пачэснае месца. Спраўлялі зажынкі, калі нажыналі першы сноп, і дажынкі – апошні сноп.
Ураджай збіралі сярпамі – сагнутымі ў выглядзе няправільнага паўкруга жалезнымі пласцінамі з насечанымі зубамі на ўнутраным баку.
Зжаты хлеб вязалі ў снапы, а снапы складалі ў бабкі. Снапы добра прасушвалі і звозілі ў гумно.
Летнія ўборачныя работы завяршаліся абмалотам.
Хлеб малацілі цэпам, які складаўся з дзвюх звязаных палак: працуючай часткі – біча, якой ўдараюць па збажыне, і двухмятровага цапільна.
Месца для малацьбы – ТОК – з роўнай глінабітнай падлогай знаходзілася ў гумне.
Снапы ўкладвалі ў 2 рады каласамі насупраць, так, каб яны заходзілі адзін на другі.
Першы абмалот на насенне для сяўбы азімых пачынаўся яшчэ падчас жніва. Зерне на хлеб малацілі ў асеннія месяцы.
Малацілі па двое ці трое, стараючыся патрапіць у такт – і гэта была сапраўдная музыка!
АРФА
Гэтая сельскагаспадарчая машына, як ужо гаварылася вышэй, прызначалася для ачысткі збожжа ад пустазелля, мякіны і іншага смецця.
Ачышчалі зерне з далёкай даўніны. У Евангеллі ад Мацвея 3.12 запісана аб ачышчэнні «зерна ад смецца (плевел)» «Лапата Яго ў руцэ Яго. І Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а салому спаліць агнём неўгасаючым».
Даўней так і чысцілі збожжа: драўлянай вялікай лапатай падкідвалі ў паветра, каб вецер адносіў смецце ўбок, а больш цяжкае зерне падала ўніз. Калі мне не здраджвае памяць, то такая лапата захоўваецца ў Баранях у музеі Стаповічаў.
З цягам часу прыдумалі зернеачышчальныя машыны – арфы. У Еўропе яны з’явіліся ў VIII стагоддзі, у нашай мясцовасці – напачатку XX-га.
Арфу меў далёка не кожны гаспадар, а толькі багацейшыя і дальнабачныя.
Мой былы сусед, разьбяр па дрэве Міхал Валуевіч на сродкі, ахвяраваныя багацейшай раднёй, прыдбаў арфу. Да яго везлі збожжа з суседніх вёсак – прадукцыйнасць машыны складала да 30 пудоў зерня ў гадзіну. Арфа дазваляла дзеду Міхалку жыць бязбедна. Калі ж прыйшлі саветы і ў арцелі абагулілі ўсё, у тым ліку і сельгасінвентар, забралі і арфу Міхалкі. Мама расказвала, што па ёй ён плакаў, як па родным чалавеку.
Унутры арфа складалася з нахіленых плоскасцей з паралельнымі радамі драцяных прутоў, праз якія праскоквалі зярняты. Рэшатаў было некалькі, для розных сартоў збожжа, яны ўвесь час падтрасаліся, а ўбудаваны вентылятар ствараў паток паветра для аддзялення мякіны.
Дзякаваць богу, ёсць яшчэ людзі, якія памятаюць і могуць расказаць, як арфавалі зерне. Адна з такіх – Ванда Шурпіцкая з вёскі Гудалі.
Не без здзіўлення знайшла ў інтэрнэце сайт, які прапануе купіць сучасную арфу з электрапрывадам.
Людзі імі карысталіся з глыбокай старажытнасці, успамінаюцца яны і ў Старым Запавеце, і ў Святым Пісанні.
Жорны – няхітрая прылада з двух каменных кругоў з дзіркай пасярэдзіне, куды засыпалі зерне і перамолвалі ў муку. Звычайна працавалі дзве жанчыны: адна кідала зерне, другая круціла ручкай верхні камень.
Пазней млыны – ветраныя, а найбольш вадзяныя – з’явіліся ў кожнай вёсцы, дзе былі рэчкі. У нашай акрузе іх пабудавалі ў Спондах, Масцянах, Страчанцы, Рудні, Будранах, самыя буйныя – у Марцінова і Страчы, апошнімі гаспадарамі якіх былі Стажынскія.
ХЛЕБ
Спакон веку да хлеба адносіліся з вялікай павагай. Лічылася вялікім грахом кінуць хлеб на падлогу, нават крошку, а калі падаў выпадкова, то падымалі і цалавалі, прасілі прабачэння. Нядобрым знакам было пачынаць новую буханку нанач – прападзе багацце.
Для хлебнага цеста ў кожнай гаспадыні была спецыяльная дубовая дзежка – лічылася, што дуб найлепш утрымлівае закваску. Дзежку накрывалі вечкам. Раніцай у закваску сыпалі муку і давалі падняцца рошчыне. Старанна, некалькі разоў, вымешвалі цеста. Печ добра напальвалі бярозавымі дровамі, вымяталі памялом под, рукі мачылі ў вадзе і надавалі цесту форму. На першым бохане рабілі крыж – яго елі апошнім. Мама і на іншых рабіла ўзоры – «слядочкі» трыма складзенымі пальцамі, касыя палоскі.
Сфармаваны хлеб клалі на драўляную лапату – яе пасыпалі мукой, а летам і ўвосень засцілалі кляновым ці дубовым лісцем.
Я любіла, калі мама пякла хлеб на аеры: тады хлебны, змешаны з аерам, водар стаяў не толькі ў хаце, але і на панадворку. І скарыначка пахла аерам!
У час, калі пёкся хлеб, нікому нельга было ляжаць на печы, гучна размаўляць, шумець.
Гатоўнасць правяралі, стукаючы пальцамі па ніжняй скарынцы – у гатовага хлеба быў асаблівы, звонкі гук.
Даставалі буханкі з печы лапатай. Ачышчалі ад лістоў, верхнюю скарынку змочвалі вадой, каб была мяккай, накрывалі абрусам. Нельга было класці хлеб верхняй скарынкай уніз.
Падчас абеду хлеб, як самы каштоўны прадукт, рэзаў толькі гаспадар.
Я, як і Зофія Шапель, застала той час, калі селішчы была поўнай жыцця, людзі абраблялі зямлю, засяваючы кожную пядзю. Цяпер, калі селішчы апусцелі і прылады працы хлебаробаў здадзены ў металалом, толькі адзінкі энтузіястаў, у сэрцы якіх захавалася любоў да зямлі сваіх бацькоў, маюць прысядзібныя надзелы. Моладзь хіба што ў музеях можа пабачыць, як іх продкі апрацоўвалі зямлю, сеялі і ўбіралі збожжа, выпякалі хлеб.
Таму я і вырашыла падрыхтаваць гэты матэрыял – бо, як пісаў Пятрусь Броўка,
Трэба ведаць – сэрца просіць,
Як дзядам, бацькам жылося…
Як сахой даўней аралі,
Як смыком зямлю бурлялі,
Як з сявалкі збожжа-зерне
Рассявалі чорнай жменяй…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
