Як выбраць якаснае насенне, раіць спецыяліст Астравецкай інспекцыі па насенняводстве
Як гэта зрабіць, расказала вядучы аграном, дзяржінспектар па насенняводстве Астравецкай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Алена Сяргей.
– На што варта звярнуць увагу пры набыцці насення?
– Звычайна мы выбіраем расфасаванае насенне. Многія, набываючы яго, «купляюцца» на яркую і прыгожую ўпакоўку, думаючы, што ў іх на градках вырастуць такія ж круглабокія і мясістыя памідоры. Але варта глядзець не на карцінку, а на звесткі. На пакеціках абавязкова павінны быць: назва, адрас і тэлефон прадаўца; назва культуры/сорту; нумар партыі і тэрмін рэалізацыі, маса ці колькасць насення. Некаторыя прадаўцы пазначаюць кароткае апісанне сорту, рэкамендацыі па агратэхнічным доглядзе з пазначэннем тэрмінаў сяўбы і ўборкі. Памятайце, што ў кожнай расліны ёсць дзяржаўны галіновы стандарт – гарантыя таго, што насенне прайшло выпрабаванне і адказвае ўсім пасяўным якасцям.
Акрамя гэтага, упакоўка павінна быць герметычнай, без пашкоджанняў.
Каб агарод парадаваў ураджаем, трэба выбраць не толькі насенне, але і прадаўца – лепш спыніцца на спецыялізаваных магазінах. Усё насенне, якое там прадаецца, праходзіць праверку ў дзяржаўнай інспекцыі па каранціне, насенняводстве і каранціне. Дарэчы, даведацца пра віды сартоў і гібрыдаў, якія зарэгістраваны ў Беларусі, можна на сайце дзяржінспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін.

– Ці можна па знешнім выглядзе насення зразумець, ці якаснае яно?
– Лічу, што на вока нельга высветліць якасць насення – гэта можна зрабіць толькі ў спецыяльнай лабараторыі. Памятайце таксама, што кошт насення не сведчыць пра яго якасць. Тут не працуе прынцып «чым даражэй – тым лепш».
Я раіла б выбіраць беларускія сарты і гібрыды – яны больш адаптаваныя да нашых кліматычных умоў. Замежныя могуць паказаць добрую ўсходжасць у лабараторных умовах, але дрэнна прарасці на агародзе.
Ні ў якім выпадку не верце надпісу на ўпакоўцы «100%-я ўсходжасць». Прарастанне раслін з насення ў большасці выпадкаў складае 70-85%.
– Сёння ў магазінах можна знайсці насенне на любы кошт і густ. Часта сярод каляровых пакецікаў сустракаюцца ўпакоўкі з пазнакай F1. Што гэта значыць?
– Што перад вамі гібрыды – насенне першага пакалення, якое атрымліваецца пры скрыжаванні лепшых бацькоўскіх форм. Кажучы простай мовай, пры яго атрыманні абавязкова прысутнічаюць два кампаненты: «мама» і «тата». Памятайце, што гібрыды, у адрозненне ад сартоў, як правіла, даюць большы ўраджай, лепш пераносяць неспрыяльныя ўмовы і ўстойлівыя да захворванняў, але трэба дакладна выконваць тэхналогію вырошчвання такога насення. Сарты ў меншай ступені рэагуюць на парушэнні агратэхнікі. Калі вы не ўпэўнены ў сваіх агародніцкіх здольнасцях, набывайце насенне сартоў – дарэчы, менавіта з такіх раслін у далейшым можна самастойна нарыхтаваць насенне, з гібрыдамі гэтага не атрымаецца.
Для вырошчвання гародніны ў цяпліцы, пад плёнкай раю выкарыстоўваць гібрыды.
– Кажуць, што, выбіраючы насенне агуркоў, варта браць «хлопчыкаў» і «дзяўчынак», напрыклад, «Машу» і «Чэмпіён». Гэта так ці міф?
– Гэта стэрэатып. Ёсць самаапыляльныя і перакрыжаванаапыляльныя сарты (вецер, насякомыя). Гэты метад тычыцца больш садовых дрэў: вішні, слівы і іншых.
– Алена Баляславаўна, дзякуй за гутарку!
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.
