Як у Варнянскай школе святкавалі Дзень роднай мовы
Моўны квэст‑шоу «Ключы ад сэрца мовы» сабраў школьнікаў, настаўнікаў і гасцей Варнянскай школы, каб разам адчуць: беларуская мова – не проста сродак зносін, а жывая нітка, што злучае пакаленні.
На сустрэчу з вучнямі старэйшых класаў завіталі людзі, для якіх беларуская мова – не абавязак, а штодзённасць: пробашч Варнянскай парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі, журналіст газеты «Астравецкая праўда» Алена Гануліч, і настаўнік роднай мовы Валянціна Боўша.

Мерапрыемства, арганізаванае нашай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Адула, стала для нас сапраўдным жыццёвым урокам, бо падчас сустрэчы гучалі не проста словы – гучалі лёсы. Святар, журналіст, настаўнік… Тры розныя дарогі, але адна мова, якая аб’яднала іх у адным святле. Ксёндз Віктар Захарэўскі гаварыў пра тое, як беларускае слова можа стаць малітвай, суцяшэннем, бальзамам. Як часам адно «трымайся» па-беларуску гучыць мацней за доўгія прамовы. Алена Гануліч прызналася: пісаць па-беларуску – не цяжкасць, а радасць, бо менавіта родная мова дакладней за любую іншую перадае настрой падзеі. Валянціна Боўша гаварыла пра любімыя беларускія словы і творы пра мову, пра тое, як змяняецца стаўленне моладзі да роднага слова.




Кожны з іх прыйшоў не з пустымі рукамі – госці прынеслі свае «ключы» да сэрца мовы: святло, праўду і веды. Апошні ключ – ключ будучыні – Наталля Гендрыкаўна ўручыла школьнікам. Бо менавіта ад нас, моладзі, залежыць, ці застанецца беларуская мова жывой, гучнай, патрэбнай.



Госці склалі вядомае выказванне: «Мова – душа народа». І гэтая простая формула прагучала асабліва моцна, калі ўсе разам заспявалі песню «Беларуская мова».
Напрыканцы госці звярнуліся да моладзі са шчырымі, цёплымі, натхняльнымі пажаданнямі. Дзякуем ім за тое, што яны любяць родную мову, штодзённа ёй карыстаюцца і імкнуцца гэтай любоўю дзяліцца з іншымі.
І сапраўды: ключы, атрыманыя на сустрэчы, – не проста сімвалы. Гэта напамін, што мова жыве там, дзе яе любяць. Няхай яна гучыць – у малітве, у газеце, у песні, у школе, у магазіне, на вуліцы, у нашых сэрцах. І няхай кожны з нас адчыніць дзверы да роднага слова сваім уласным ключом.

Сандра ДРАЗДАЎСКАС, вучаніца 11 класа Варнянскай школы.
