Як у Астраўцы завяршылі дні бяспекі
Ну, хто з вас быў на заключным мерапрыемстве адзіных дзён бяспекі, што прайшлі каля шматфункцыянальнага комплексу? Ці спадабалася вам? Тэма бяспекі для мяне – амаль усё, не магу сказаць, чым яшчэ я так захапляюся. А калі разам збіраюцца ўсе структуры, для якіх папярэдзіць надзвычайную сітуацыю ці ліквідаваць яе – галоўныя справы, гэта ўвогуле цікава. Акрамя прафілактыкі здарэнняў – такую мэту ставяць арганізатары – тут у адным месцы можна было пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных прафесій: міліцыянер, выратавальнік, вадалаз, газавік.

Мяне і іншых дзяцей на гэтым мерапрыемстве зацікавіла пляцоўка таварыства выратавання на вадзе: і касцюм вадалаза паказалі, і як «працуюць» балоны з паветрам расказалі, і першую дапамогу пацярпеламу навучылі аказваць. Але галоўнае, што мы павінны былі запомніць, гэта заўсёды выконваць правілы бяспекі на вадзе.
Шматлюдна было і каля работнікаў раённага аддзела ўнутранных спраў: адны школьнікі распытвалі пра бронекамізэльку і каску, хтосьці нават прымяраў іх, другія з задавальненнем «адчувалі» сябе інспектарамі ДАІ, седзячы ў патрульнай машыне, трэція «знаёміліся» з сабакам, які дапамагае праваахоўнікам.
Гульнявыя формы прафілактычнай работы ў той дзень вырашылі выкарыстаць прадстаўнікі МНС і раёна газазабеспячэння. І для кожнага ўзросту ў іх знайшліся і заданні, і прызы – усё з тым жа напамінаннем пра правілы бяспекі. Добра, калі вы іх ведаеце, але трэба, каб і выконвалі: не жартуйце з агнём, будзьце асцярожнымі з газавымі прыборамі.
Правесці гэта мерапрыемства дапамагалі актывісты раённай арганізацыі БРСМ і бібліятэкары – яны таксама прапанавалі нам «іспыты ў надзвычайных сітуацыях». А яшчэ сваю праграму па тэмах бяспекі падрыхтавалі работнікі культуры. Усё было цікава і пазнавальна! Той, хто хацеў, дакладна знайшоў тут нешта для сябе. А хто не паленаваўся, той і здымкаў у фотазонах нарабіў.
Веру, што такія сустрэчы маюць толькі плюсы. Чым больш мы гаворым, як пазбегнуць здарэнняў, тым больш верагоднасць, што ў нас гэта атрымаецца.
З павагай Ягор.
