Як Рэгіна Замара стала пастаянным падпісчыкам «Астравецкай праўды»

Як кажа жанчына, яна сябруе з «раёнкай» з пялюшак: газету заўсёды выпісвалі бабуля і маці. Сама ж Рэгіна некаторы час не мела магчымасці падтрымліваць сямейную традыцыю – і на тое ёсць аб’ектыўная прычына.

– Да 2005 года жыла ў Літве, у Беларусь прыязджала ў госці. Тады і пачытвала «раёнку», – расказвае жанчына. – Пасля пераезду, прызнаюся, не адразу стала выпісваць газету. Памятаю, рэдакцыя праводзіла акцыю «Падпішы сябра на «раёнку». Вось нехта і зрабіў мне падарунак. (Усміхаецца.) Тры месяцы прыходзіла мне выданне – і зацікавіла, цяпер абавязкова выпісваю сама. Некаторыя гавораць, што сёння зручней чытаць і глядзець навіны і рэпартажы ў інтэрнэце, але я люблю друкаваную «Астравецкую». Мне падабаецца яе асаблівы тыпаграфскі пах, прыемна вечарам пад гарбату пагартаць старонкі. Дарэчы, чытаць пачынаю з апошняй (і так раблю з любым выданнем).

– Я і мая сям’я, можна лічыць, заў­сёд­нікі ў газеце: то фота ўнучкі Ульяны там, то пра дачку напісана, то зяць дзесьці на здымку ёсць, то сама стану гераіняй. (Усміхаецца.) Да слова, друкавалі і мае спробы пяра пра сабачку, дзіцячыя ўспаміны пра  крэселка. Вядома, такія нумары захоўваем – гэта ўжо гісторыя, – працягвае Рэгіна. – Цікавы выпадак, звязаны з «Астравецкай» і працоўнымі буднямі, здружыў мяне з адной жыхаркай раёна: выпадкова высветлілася, што здымкі з вяселляў нашых дзяцей былі надрукаваны ў адной газеце – з таго часу пры сустрэчы цікавімся пра жыццё нашых «маладых».

– У першую чаргу адсочваю, што пішуць Вольга Хацяновіч, цётка Рэгіна Дрэма, Іаланта Валуевіч. Захапляюся, як апошняя расказвае пра гісторыю мясцовых населеных пунктаў, аб’ектаў, звычаі. Цікава Ніна Рыбік піша. Аўтараў ведаю па стылі, – адзначае чытачка. – Мужу падабаюцца матэрыялы пра сельскую гаспадарку, бо ён працуе ў гэтай галіне. Я прыхільнік старонкі «Вольны вечар», конкурсаў, разважанняў дзяцей. Абавязкова чытаю артыкулы пра знаёмых.   

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: из архива героини