Як праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарчым участку ў Дайлідках
На ўчастак для галасавання №13 зазірнула праз некалькі хвілін пасля яго адкрыцця. Зрабіць свой выбар датэрмінова вырашыла адна з жыхарак аграгарадка.
– Стараюся не прапускаць ніводныя выбары. Тое ж, дарэчы, робяць і мае суседзі, і аднавяскоўцы, – расказала Таццяна Радзько. – Ёсць вольны час, таму вырашыла не цягнуць да апошняга і прагаласаваць датэрмінова. У апошнія дні, у тым ліку нядзелю, думаецца, тут будзе шмат людзей.
Па словах старшыні выбарчай камісіі Уладзіміра Грэгуша, на іх участку актыўна галасуюць датэрмінова, паступаюць тэлефанаванні з просьбай арганізаваць галасаванне на даму.
– У асноўным гэта пенсіянеры з аддаленых ад аграгарадка населенных пунктаў, якім праблематычна дабрацца ў Дайлідкі, ці людзі, якія па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не могуць наведаць участак, – расказаў Уладзімір Андрэевіч.
Як адзначыла наглядальнік Вікторыя Варановіч, на іх участку спакойна.
– І старшыня, і члены камісіі людзі, якія добра ведаюць заканадаўства і карыстаюцца павагай у аднавяскоўцаў, – расказала Вікторыя. – Для мяне гэта трэція выбары, на якіх прысутнічаю ў якасці наглядальніка. Дарэчы, прагаласавала датэрмінова.
