Як пачыналася “Кожная пятніца – роднае, сваё
Праект “Кожная пятніца – роднае, сваё” ўжо некалькі месяцаў паспяхова рэалізуецца ў нашай краіне. Як усё пачыналася і чаму ён запатрабаваны ў беларусаў, расказала “Астравецкай праўдзе” прэс-сакратар Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Маргарыта Тамашэвіч:
– Са снежня мінулага года па ініцыятыве нашага кіраўніка Артура Барысавіча Карповіча запусцілі праект “Кожная пятніца – роднае, сваё”. Яго мэта – не толькі папулярызацыя беларускіх тавараў, але і ўсяго беларускага: культуры, музыкі, вытворчасці...
Пачыналі мы з сябе. У першую пятніцу супрацоўнікі нашага міністэрства правялі бліц-апытанне, хто ў якое адзенне апранаецца, знялі гэта ўсё на відэа – і аказалася, што большасць апрануты ў рэчы беларускай вытворчасці.
Затым пачалі маштабіравацца. 19 снежня сумесна з Беллегпрамам у гандлёвых цэнтрах “Першы нацыянальны” і “Сталіца” былі абвешчаны зніжкі для пакупнікоў. У сацыяльных сетках запусцілі #ДзеньРоднагаСвайго. Па водгуках убачылі, што людзі актыўна падключаюцца.
Акцыя ўжо выйшла за рамкі гандлю. Сёння дзеці і дарослыя запісваюць сямейныя відэа, як рыхтуюць беларускія стравы, чытаюць беларускія вершы... Праект ужо мае больш за 5 тысяч публікацый у сацыяльных сетках, больш за 1 500 публікацый у СМІ. Прагляды набліжаюцца да 2 мільёнаў. Людзям гэта падабаецца. Таму наша ініцыятыва будзе працягвацца!
