Як лірык у душы Галіна Внуковіч стала выдатным настаўнікам фізікі
Дарога да фізікі
– Галіна Віктараўна, магчыма, я памыляюся, але ў маім адчуванні вы – лірык. Адкуль і чаму ў вашым жыцці з’явілася фізіка?
– Я таксама лічу, што фізіка – найперш мужчынскі прадмет, бо там многае звязана з тэхнікай. І я не марыла пра фізіку. Хацела стаць філолагам. Сачыненні добра пісала. Чытала многа. У нас была багатая хатняя бібліятэка, і я столькі кніг «праглынула» ў дзяцінстве і ў юнацтве, што потым быў перыяд, калі не магла іх узяць у рукі. Цяпер зноў пацягнула, але чытаю ўжо выбарачна, тое, да чаго не дайшлі рукі ў юнацтве.
Мама была філолагам, тата – дырэктарам базавай школы. Яны не раілі мне ісці ў настаўнікі. Хоць і не забаранялі.
Сярэднюю школу я заканчвала ў суседняй вёсцы Забалаць, гэта ў Воранаўскім раёне. Фізіку там выкладаў дырэктар, татаў сябар, знакаміты Яўген Навумавіч Карпянкоў, заслужаны работнік народнай адукацыі БССР. Ён мяне выклікаў кожны ўрок, таму фізіку я добра ведала. Але не скажу, што гэта быў мой любімы прадмет.
Можа, і пайшла б, як хацела, на філалагічны, але ў тыя гады – сёння цяжка паверыць – туды паступіць было цяжка. А я заўсёды ўсяго баялася… Сяброўкі-аднакласніцы падбілі падавацца на фізічны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта – конкурс быў меншы. Паступілі ўсе трое. І цяпер, дарэчы, падтрымліваем стасункі.
Ва ўніверсітэце была лепшай па гуманітарных прадметах: гісторыя, філасофія, педагогіка, практыка ішлі на выдатна.
А фізіку палюбіла гадоў праз 10 работы ў СШ №2. Маім калегам, сябрам, суседам быў Анатоль Бацюлеў, фізік ад бога. Мы маглі параіцца па любым пытанні, але было неяк няёмка звяртацца да яго па кожнай дробязі. Старалася да ўсяго дайсці сама. І паступова зразумела, што мне гэта падабаецца.
Дарога ў Астравец
– А як вы апынуліся ў Астраўцы?
– Астравец, па вялікім рахунку, – гэта ўсё маё жыццё. Дзяцінства прайшло ў Воранаўскім раёне, пяць гадоў вучылася ў Гродне – вельмі люблю гэты горад і ў кожны свой прыезд знаходжу там нешта новае, нязведанае. Па размеркаванні трапіла ў Ашмяны, папрацавала там год. Затым выйшла замуж і пераехала ў Астравец.
Тады ў райцэнтры была адзіная сярэдняя школа. Месца фізіка ў ёй не было, працавала выхавацелем у групе падоўжанага дня. Потым дэкрэтныя адпачынкі – адзін, другі. А там і СШ №2 адкрылася – мая родная другая школа! І для сыноў маіх яна – свая. Пазней яе рэарганізавалі ў гімназію. Калі адкрылі новы будынак, прызнаюся, вельмі не хацела туды пераходзіць. Чамусьці найбольш непакоіла, куды дзеці, якія вучыліся там і тут, будуць хадзіць на вечары сустрэчы. Аказалася, што ходзяць і туды, і сюды – каму што бліжэй і радней.
Дарога да вучняў
– Што, на вашу думку, галоўнае ў рабоце настаўніка: даць веды па сваім прадмеце ці дапамагчы раскрыцца асобе?
– Пераканана, што апошняе. З гадамі пачынаеш разумець, што трэба быць вельмі асцярожным у абыходжанні з дзецьмі. Так, не выканаў вучань дамашняе заданне, магчыма, паводзіць сябе дзёрзка, не слухаецца – але ж мы не ведаем, чаму ён такі, што ў яго здарылася, якая абстаноўка дома. Неасцярожным словам ці ўчынкам можна нанесці дзіцяці глыбокую траўму.
Фізіка, вядома, вельмі важны прадмет, але не ўсім давядзецца здаваць яго на экзаменах. Некаму дастаткова ведаць пра фізічныя з’явы ў паўсядзённым жыцці. Для гуманітарыяў, да прыкладу, ёсць урок «Фізіка і музыка» – каб разумелі, што ў аснове чароўных гукаў – механічныя хвалі. Але і яны могуць атрымаць на маім уроку «дзясятку». Усім, хто хоча высокую адзнаку, прапаную: здзівіце мяне! І гэта здараецца, хоць і не вельмі часта.
А з тымі, каму фізіка патрэбна для паступлення ў прэстыжныя вну з высокімі конкурсамі, хто займаецца ў класах фізіка-матэматычнага профілю, заняткі і стасункі асаблівыя: падрыхтоўка да алімпіяд, штогадовага абласнога турніру юных фізікаў. Ганарымся, што заўсёды вяртаемся з гэтых «фізбаёў» з прызавымі месцамі, неаднойчы станавіліся пераможцамі. Хоць гэта вельмі складана: трэба падрыхтаваць некалькі эксперыментальных задач, зрабіць даклад, пераканаўча апаніраваць сапернікам і рэцэнзіраваць іх… І журы вельмі моцнае і прынцыповае. Слабакоў на «фізбаях» не бывае: летась, да прыкладу, у фінале Астравец «выбіў» Ваўкавыск, здаралася, што адпраўлялі «ў накаўт» Гродна, Ліду…
Часам пытаюцца: ці адрозніваюцца сучасныя дзеці ад ранейшых? Канешне! Бо і час адрозніваецца. Сёння многія з іх ведаюць больш за настаўніка – і я не саромеюся звяртацца да школьнікаў за дапамогай у нейкіх тэхнічных пытаннях, не лічу ганебным прызнаць памылку ці адзначыць вучня, які прапанаваў больш дасканалае рашэнне задачы. Настаўнікам трэба вучыцца ўвесь час, каб не адстаць ад сваіх выхаванцаў.
Дарога да пашаны
– Як вы і вашы блізкія ўспрынялі вестку аб занясенні на раённую Дошку гонару?
– Па шчырасці, была ў шоку!
Знаходзілася на зборах у Гродне, калі патэлефанавала інспектар па кадрах і спытала дазволу перадаць некуды мае дадзеныя. Падумала, што, магчыма, на грамату за падрыхтоўку алімпіяднікаў.
А калі вярнулася, даведалася, што ў калектыве абмяркоўвалі некалькі кандыдатур для занясення на Дошку гонару і калегі прагаласавалі за маю. Нават паспрачалася з кіраўніцтвам: чаму менавіта мяне вылучылі? У гімназіі шмат цудоўных настаўнікаў, я нічым не лепшая, проста раблю сваю справу.
Дарога да сябе
– Калі настаўнікаў віншуюць з пачаткам новага навучальнага года, многія жартам ці ўсур’ёз просяць выказаць спачуванне. А з якім настроем яго сустракаеце вы?
– Мне здаецца, што гэта ўсё ж жарт. Так, крыху сумна, што лета скончылася, і верасень, пакуль усё ўсталюецца, заўсёды вельмі напружаны месяц. Але пры ўсім тым шчыра спачуваю людзям, якія ідуць на работу як на катаргу з адзінай думкай: хутчэй бы гэты дзень скончыўся – і дамоў. Каб працаваць у школе, трэба любіць – і свой прадмет, і дзяцей. Інакш столькі не вытрымаў бы.
Так, я ўжо на пенсіі, але працягваю працаваць. І рада б пайсці на заслужаны адпачынак, ды не адпускаюць: няма каму замяніць. Крыўдна: сярод маіх вучняў столькі праграмістаў, інжынераў рознага профілю, а сабе змену не падрыхтавала. Ніхто не хоча ісці ў настаўнікі фізікі! Ёсць, праўда, таленавітая паслядоўніца Оля Бяззубікава, але яна выйшла замуж і паехала ў Мінск, цяпер рыхтуе інжынераў і праграмістаў у сталіцы. А на перыферыі з настаўнікамі фізікі і матэматыкі бяда. У гімназіі яшчэ не горшае становішча: выручаюць ветэраны, ды і маладзейшыя калегі малайцы. А вось у іншых школах цяжка, і не толькі ў нашым раёне. Здаецца, і зарплата не самая горшая, і жыллё маладым спецыялістам даюць, а не ідзе моладзь у педагагічныя вну. І з гэтым трэба нешта рабіць на дзяржаўным узроўні.