Як хлопчык з Едакланяў стаў вядомым беларускім скульптарам

Тыя з астраўчан, каму даво­дзілася бываць у Мінску на плошчы Незалежнасці, напэўна, звярталі ўвагу на скульптуру ўзлятаючых з жытняга поля трох буслоў. Велічныя птахі расправілі крылы і, здаецца, вось-вось адарвуцца ад зямлі і закружаць над плошчай, над сталіцай, над усёй нашай краінай, асяняючы сваім клёкатам, як малітвай, родны край. І пры гэтым мала хто ведае, што аўтары гэтай кампазіцыі – ура­джэнец Астравеччыны Леанард Пакуль­ніцкі  і яго жонка Алена Хараберуш.

1222222222.jpg

 – Спачатку лепіш маленькую фігурку з мяккага матэ­рыялу – гліны ці пластыліну, затым – большую, яшчэ большую, у натуральную велічыню…  Здымаецца форма, якая заліваецца воскам, затым – расплаўленым металам. Адлітую скульптуру трэба падпраўляць, чэканіць, бо заўсёды ёсць нейкія агрэхі. Словам, усё як у казцы пра лёгкі хлеб, – расказвае пра няпросты працэс стварэння скульптуры член Саюза мастакоў Леанард Пакульніцкі.

 Ад родных ніў, ад роднай хаты…
Леанард – родныя і сябры да гэтага часу завуць яго па-свойску Лёшам – родам з Едакланяў. Там заканчваў пачат­ковую школу, у сярэднюю пайшоў у Астравец, жыў у школьным інтэрнаце. 
Адкуль у вясковага хлапчука ўзнікла цяга да мастацтва, ска­заць цяжка. Бацька, патомны селянін, любіў жартаваць: «З паляў­нічага ды музыкі хлеб не­вялікі». У вёсцы заўсёды галоў­­ным здабыткам лічыліся зям­ля, жывёла, гаспадарка.
– Ды я і сам не ведаю, адкуль гэта ўзялося, – паціскае плячыма Леанард Іосіфавіч. – Пасля школы ўрокі зробіш – і малюеш ці лепіш нешта з гліны. Сябры парт­рэты свае хвалілі, казалі, што падобна. У школе мае здоль­насці хутка заўважылі: усе сачы­ненне пішуць, а я насцен­газету ці плакаты малюю. А неяк убачыў скульп­туры Азгура – і так мне спадабалася. Стала цікава: а я сам – ці змог бы нешта такое зрабіць? Па малюнку паспрабаваў вылепіць невялікі бюст Леніна. Прынёс у школу – ацанілі.
Пасля таго і вырашыў Леанард паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Многія лічылі гэта дзі­вацтвам: што за прафесія такая – галовы з гліны ляпіць? Хіба ж з гэтага пражывеш? Гэта ж не ніву араць… Дый куды нам, з вёскі, «у лапцях»?! Такія вучэльні – для гарадскіх, туды ж, пэўна, толькі з блатам і можна паступіць.
Але да таго часу ў тэатральна-мастацкім інстытуце на факуль­тэ­це графікі ўжо вучыўся астраў­чанін Віктар Алексан­дро­віч – і ўсе ведалі, што ніякіх «плячэй», ак­ра­­мя таленту, у яго няма. Вось і вы­ра­шылі трое астравецкіх хлоп­­цаў – Алег Драбышэўскі, Аляк­­сандр Ха­рытонаў і Леанард Пакуль­ніцкі – пайсці па прато­ра­ным Вікта­­рам шляху: паступаць на мастакоў. Двое першых выбралі жывапіс, а Лёша – скульп­туру.
Удача ў той год усміхнулася толь­кі яму.
Бацька, які лічыў, што «з му­зыкі хлеб невялікі», крыжам ля­жаў перад абразамі, аддаючы падзяку Богу за сына, які атры­маў нечаканы, немагчымы шанс выбіцца ў людзі.

  Сустрэча
Курс у тым годзе набіраў народны мастак БССР, прафесар Андрэй Ануфрыевіч Бембель, легендарны беларускі скульп­тар. Пазней ён перадаў яго не менш таленавітаму народнаму мастаку БССР і прафесару, вядомаму далёка за межамі Беларусі Анатолю Аляксандравічу Ані­кейчыку. У такіх выкладчыкаў немагчыма не стаць майстрам!
У той год на гэты ж курс прыйшла і Алена Хараберуш з Вільнюса – прыехала паступаць на радзіму маці.
– Нам пашанцавала: курс быў добры, дружны. Вялікі – ажно шэсць чалавек: пяць хлопцаў і я. Рабяты падабраліся рознага ўзросту, жыццёвага вопыту, узроўню падрыхтоўкі, – расказвае Алена Аляксееўна. – Нехта, як Лёша, адразу пасля школы. Нехта пасля мастацкага вучылішча ці арміі. Тым не менш, мы сябравалі, падтрымлівалі адзін аднаго. І выкладчыкі… Нас вучылі не толькі скульптуры, кампазіцыі – прывівалі мастацкі густ. А гэтаму ж на лекцыях не навучыш… Вадзілі на ціка­выя фільмы, давалі чытаць доб­рыя кнігі. Імкнуліся, каб мы развіваліся ўсебакова.
Як і калі паміж імі прабегла лёсавызначальная іскра? У май­стэр­ні, кінатэатры, біблія­тэ­цы, інтэрнаце? Тут ужо абодва паціскаюць плячыма: а хто яго ведае. Даўно тое было…
Усё жыццё, са студэнцкай лаўкі і да сённяшніх сівых ва­ласоў, яны разам – дома, у май­стэрні, на адпачынку. Часта на іх скульптурах стаіць двайное аў­тарства: Леанард Пакульніцкі і Алена Хараберуш. Але калі нават фармальна аўтарам работы з’яўляецца адзін з іх, там нябачна прысутнічае і другі: яго парады, падказкі, фізіч­ная дапамога, бо скульптура – праца цяжкая не толькі ў творчым і інтэлектуальным планах, але і ў фізічным. 

  Творчасць і работа
З тэатральна-мастацкага ін­сты­тута яны выпусціліся з дыпломамі скульптараў і пра­цоў­най кніжкай на руках. Вольныя мастакі! Ваяй, што душа пажадае!
Першай значнай самастойнай работай Леанарда Пакуль­ніцкага стала 5-мятровая фігура салдата ў пасёлку Дрыбін Магілёўскай вобласці – помнік загі­нулым у вайну землякам. Потым былі ін­шыя, шмат, у сааў­тарстве з Але­­най і самастойныя.
Але ў скульптара работа асаб­лі­вая… Пісьменнік можа пісаць, нават ведаючы, што не надрукуюць, «у стол», у спадзя­ванні, што некалі, мо, праз гады і дзеся­ці­годдзі, нехта прачытае – і ацэ­ніць. 
І жывапісец намалюе тое, чым трымціць душа, – і выста­ўляе карціну на продаж у мас­тацкім салоне ці проста на ву­лі­цы, здараецца, што купляюць.

1111111122.jpg

Скульптура ўзлятаючых буслоў з'яўляецца цэнтральнай часткай кампазіцыі фантана на плошчы Незалежнасці ў Мінску

 Скульптар жа не мае магчы­масці адліць з металу ці высечы з каменя шматметровую фігуру і паставіць у майстэрні ці на вуліцы ў спадзеве, што некалі нехта гэта ўбачыць і набудзе. У манументальнай скульптуры павінен быць заказчык, які растлумачыць майстру, што ён хоча бачыць і для чаго. А той прапануе эскіз, у якім ўвасабляе пажаданні і сваё творчае бачанне. Але калі нават заказчыку спадабаецца прапанова скульптара, то ёсць яшчэ мастацкі савет, які вырашае, ці насамрэч яна ўяўляе каштоўнасць. Яе ж убачаць сотні, тысячы людзей! Здараецца, аб’яўляецца конкурс – і журы вызначае, хто з май­ст­роў найлепш зможа ўвасобіць прапанаваную тэму і ідэю. Да таго ж мастацкая каштоўнасць скульпту­ры заключаецца не толькі ў ёй – вялікае значэнне мае, дзе яна будзе ўстаноўлена, як упішацца ў навакольны ландшафт, таму скульптары заўсёды працуюць у кантакце з архітэктарамі. І ўсе – жывыя людзі, найчасцей – таленты, кожны са сваім светапоглядам, амбіцыямі…
І ад атрымання заказа, адаб­рэння эскіза мастацкім саветам, перамогі ў конкурсе да моманту, калі з манументальнай фігуры ганаровыя госці здымуць сімвалічны покрыў, праходзяць месяцы, а то і гады напружанай працы. А часам здараецца, што амаль гатовы твор – бяссонныя ночы, сумненні, знаходкі, творчыя азарэнні, цяжкая фізіч­ная работа – застаецца незапатрабаваны: грошы ў заказчыка скончыліся ці ўмяшаліся іншыя абставіны непераадольнай сілы. Да прыкладу, у гады перабудовы невядомыя скралі іх ужо адлітую ў бронзе вялікую скульп­тур­ную кампазіцыю для аднаго з саў­гасаў-мільянераў, у якую былі ўкладзены не толькі час і сродкі, але і душа. Што пры гэтым адчувае аўтар? А вы ўявіце, што вынасілі, нарадзілі ў пакутах дзіцятка, расцілі яго, пеставалі, марылі пра яго шчаслівую будучыню – і яго раптам не стала…
– Асабліва цяжка было ў 90-я, – гаворыць Алена Аляксееўна. – Каму патрэбна скульптура, калі людзям есці няма чаго? Цяжка было нават арэнду за майстэрню заплаціць. Браліся за любыя заказы, нават драбязу. Добра, што Лёша ў рамках пазашкольнай адукацыі выкладаў скульптуру, разьбу па дрэве. У той час многія сышлі з прафесіі, а некаторыя, як Віктар Александровіч, – і з жыцця…
Тым не менш, і ў той час, і пасля Леанард і Алена зрабілі шмат скульптурных кампазіцый, якімі могуць ганарыцца і яны, аўтары, і мы, землякі. У магілёўскім кафедральным саборы знаходзіцца іх драўляная скульптура Язафа­та Кунцэвіча. Каму давядзецца ў Крыме патрапіць на завод шампанскіх вінаў і пабачыць там фігуру Бахуса, ведайце: зрабіў яе Леанард Пакульніцкі. У Нацыя­нальным алімпійскім камітэце Беларусі знаходзіцца скульптурная кампазіцыя «Бег» яго работы. Каля Кальварыйскіх могілак у Мінску ўражвае помнік ахвярам мінскага гета скульптараў Пакульніцкага і Хараберуш. 
І вельмі шкада, што ў доўгім спісе гарадоў і вёсак Беларусі і замежжа, дзе можна ўбачыць работы астравецкага скульптара Леанарда Пакульніцкага, амаль што няма паселішчаў малой ра­дзімы. Адзінае выключэнне – барэльеф Маці Божай Вострабрамскай, які зямляк у 2000 го­дзе падарыў касцёлу Узнясення Святога Крыжа ў Астраўцы.
Цяпер Пакульніцкія супрацоў­ні­чаюць з Акадэміяй навук Беларусі. Пры ўваходзе на тэры­торыю ака­дэміі ўстаноўлены скульптуры вучоных, сталага і маладога, якія аб нечым зацікаўлена размаўляюць. Кампазіцыя з сімва­лічнай назвай «Пераемнасць беларускай навукі» – аўтарская работа Леанарда Іосі­фавіча і Алены Аляксееўны.
Больш за год яны працавалі над «Залатым колам беларускай навукі»: сем фігур вучоных розных пакаленняў паўсталі вакол альтанкі-ратонды.

21221111.jpg

Кампазіцыя 

«Пераемнасць беларускай навукі»  каля Акадэміі навук Беларусі

– Фігуры вучоных сімвалічныя, тым не менш у кожнай ёсць свой прататып. І трэба было пера­ла­паціць горы літаратуры, каб даведацца пра той час, уявіць, як жыў і чым займаўся даследчык, перадаць у скульптуры не толькі адзенне, паставу, але і характар, пачуцці, думкі, – гаворыць Алена Аляксееўна.
– І так пры кожнай рабоце. Гэта няпроста – але вельмі цікава, – дадае Леанард Іосіфавіч. – Здараецца, першапачаткова ўзнікне адна ідэя, а потым круціш яе ў думках – і ноччу прысніцца зусім іншае рашэнне. І разумееш: вось яно, сапраўднае!
Такі ўжо лёс у творцы: героі і работы не пакідаюць яго і падчас адпачынку, нават калі рукі заняты нечым іншым, то галава ўсё роўна працуе над вобразам. Калі ўдаецца вызваліць хаця б рукі, Пакульніцкія прыязджаюць на Астравеччыну: тут, па іх прызнанні, лёгка дыхаецца і думаецца. Родны дом у Едакланях ужо апусцеў, і цяпер яны знахо­дзяць прытулак у гасціннага сяб­ра дзяцінства Леанарда фермера Часлава Лабачэўскага.
А заслужаны адпачынак, пра які многія мараць, – гэта не пра іх: творцы і працаголікі на пенсію не выходзяць.

Текст: Нина Рыбик