Як гэта было: пра гады работы ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” успамінае Таццяна Шкурская
Папулярную некалі песню Аляксандры Пахмутавай са словамі «И Ленин такой молодой, и юный Октябрь впереди», без якой не праходзіла ніводнае святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у свой час зрабілі сваім неафіцыйным гімнам, крыху памяняўшы словы: «Рынкевич такой молодой и «Красный Октябрь» впереди». Доля праўды ў тым была: калгас, якім 43 гады кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, заставаўся флагманам па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Як гэта было, успамінаюць спецыялісты, якія ў розныя гады працавалі ў «Чырвоным Кастрычніку».
«Мы ўсё ўкаранялі першымі»
Таццяна Шкурская, з 1980 па 1986 працавала ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” галоўным заатэхнікам.

Ганна Берняковіч і Таццяна Шкурская
Галоўнае, з чым пашанцавала, – гэта са старшынёй. Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч быў кіраўнік ад Бога. Гаварыць, выступаць з трыбуны ён не ўмеў, але было ў яго бачанне перспектывы, разуменне, як і што рабіць. Ідэі і прапановы сыпаліся ад яго як з рогу дастатку, і ўсе талковыя. Ды і проста па-бацькоўску мог пагаварыць, параіць.
Часлаў Іосіфавіч умеў падбіраць спецыялістаў. Прыглядваўся, ацэньваў, калі што не так – не браў у сваю каманду. Але тыя, хто ў яе трапляў, душу гатовы былі аддаць і за нашага старшыню, і за калгас! Не па абавязку – па сумленні! Я ведала многіх кіраўнікоў, але такога, як Рынкевіч, не было.
На першым часе Часлаў Іосіфавіч сам вазіў мяне па фермах, знаёміў з людзьмі, паказваў, тлумачыў. Калгас быў моцны, але з дысцыплінай меліся праблемы: выпівалі і даяркі, і падвозчыкі, і пастухі. На кожную ферму трэба было заехаць не адзін раз, каб быць упэўненай, што жывёла накормлена і падоена.
Таццяна Шкурская з Чаславам Рынкевічам
Паступова з загадчыкамі фермы знайшла кантакт, і пытаннямі дысцыпліны заняліся яны, а я – вытворчасцю прадукцыі. Усе патрабавалі плюсаў А адкуль іх браць? Кармы ў нас, у адрозненне ад многіх іншых гаспадарак, былі, але не ў той колькасці і не такой якасці, як трэба. Не хапала караняплодаў, сіласу, сена, канцэнтратаў… Зраблю кармавы баланс, нясу аграномам, а Балабановіч крычыць: «Адкуль ты ўзяла такія лічбы? На наша пагалоўе столькі не трэба!» Я адказваю: «Ты лічыш на пагалоўе, а я – на прадукцыю!» Часта спрачаліся, але па справе, без злосці і крыўды.Накармілі мы ўрэшце жывёлу, пайшлі прывагі, надоі. Малакапровады дзе новыя паставілі, дзе старыя адрамантавалі. Трэба было брацца за племянную работу.
Калі я прыйшла ў калгас, штучнага асемянення, можна сказаць, не было, на кожнай ферме стаялі быкі. Пра якую генетыку можна было гаварыць? Я тых быкоў ледзь не сілай вывозіла з фермаў! Штучнае асемяненне ўкаранілі – зусім іншыя цяляты сталі нараджацца. Галіна Ждановіч прыйшла працаваць заатэхнікам-селекцыянерам. Яна, ветэрынарны ўрач Арсень Кашко ды я – вось у нас ужо сякая-такая каманда ўтварылася! Загадчыкі ферм былі нашымі аднадумцамі, асабліва Валянціна Далінская з мальскай фермы – разумела мяне, падтрымлівала, тут мы ўвесь час нешта новае ўкаранялі.
Узяліся за фарміраванне груп кароў. Раней жа як было? У кожную групу ўводзілі па 5-6 першацёлак. Пераканала Рынкевіча, што гэта неэфектыўна, што за імі няма кантролю, а ў даярак – стымулу расціць з цялушкі добрую карову. Я гэта не сама прыдумала: ездзіла ў Гродна, там шмат чаго паказвалі і расказвалі.
Калі прыйшла ў калгас, надой складаў 2 300 кілаграмаў – і гэта быў добры паказчык, у некаторых калгасах па 900 літраў за лактацыю даілі. А калі адпрацавалі тэхналогію, у сярэднім па гаспадарцы атрымлівалі ад каровы па 3 800 кілаграмаў.
Мы ўсё ўкаранялі першымі. У нас першых у раёне з’явіўся кармацэх, кормараздатчыкі, экструдар – прыстасаванне, на якім плюшчылі авёс, зрабілі цэх па раздоі першацёлак, радзільнае аддзяленне, прафілакторыі для цялят. Кожны год у нас праводзілі то абласныя, то рэспубліканскія семінары, а пра раённыя і гаварыць няма чаго: на нашым вопыце вучылі ўсе іншыя гаспадаркі.
Але лепшымі ўсё ж былі гады ў «Чырвоным Кастрычніку». Работа была цяжкая, дома я амаль не бывала, дзяцей гадаваў муж і нянька. Затое цікава. І я бачыла, што ад маёй працы быў канкрэтны вынік, адчувала сябе запатрабаванай.
