Як дзеці кнігі “лячылі”

Часам кнігам, як і людзям, патрэбны клопат і дапамога. Менавіта для таго, каб крыху “падлячыць” папяровых сяброў, у дзіцячай бібліятэцы прайшла акцыя “Спяшаемся кнізе на дапамогу”.

У чытальнай зале сабраліся юныя актывісты і памочнікі. Кожны з іх атрымаў па стосу кніг, якім быў патрэбен рамонт, і неабходныя прыналежнасці – скотч, клей, нажніцы.

Але перад тым як дзеці прыступілі да справы, ім расказалі цікавыя звесткі пра ўзнікненне кніг. Пасля бібліятэкары паказалі, як трэба правільна падклейваць лісты і вокладку, нагадаўшы між іншым, што з папяровымі сябрамі трэба абыходзіцца акуратна – і тады яны яшчэ доўга праслужаць сваім чытачам.

І закіпела работа! Дзеці з імпэтам узяліся “падлечваць” кнігі, ператварыўшы занятак у гульню. Яны арганізавалі своеасаблівы прыём кніжных “пацыентаў”, ставілі ім градуснікі, праслухоўвалі стэтаскопам, а ў завяршэнне выносілі дыягназ і прыступалі да лячэння. Юныя памочнікі настолькі захапіліся справай, што не толькі адрамантавалі ўсе кнігі, але і змайстравалі невялічкія брашуркі з падрыхтаваных шаблонаў.

За старанную працу бібліятэкары аддзячылі сваіх памочнікаў, уручыўшы ім школьныя прыналежнасці і пачаставаўшы салодкімі прысмакамі.





Ганна КЕРЭЛЬ,

дзіцячая бібліятэка.