Як астраўчане ў “Юнацтве” пабывалі
На працягу дзевяці дзён вучаніцы Гервяцкай СШ Ангеліна Бучынская і Анастасія Лапуня, а таксама Дар’я Кашына з СШ №2 і Арцём Купрэвіч з СШ №3 цікава і з карысцю правялі час. У летніку сабраліся актывісты з усёй вобласці, таму падлеткаў чакалі новыя стасункі і знаёмствы. Дарэчы, адначасова вопыт працы ў якасці важатых у «Юнацтве» атрымалі лідар Астравецкай раённай піянерскай арганізацыі Крысціна Юргелянец і педагог СШ №3 Сняжана Безляповіч.
Наведванне басейна і заапарка, забаўляльныя квэсты, выступленне вядомага віртуоза-балалаечніка Аляксандра Варанішчы і многае іншае – праграма кожнага дня была разнастайнай. Акрамя гэтага, тут прайшлі дыялогавыя пляцоўкі і тэматычныя заняткі па абмеркаванні пытанняў значнасці моладзі ў жыцці і развіцці нашай краіны. У іх удзельнічалі намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Вараніца, дырэктар абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская, старшыня Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Вадзім Гунько.
– Для мяне гэта быў добры вопыт і магчымасць пераняць новыя метады работы з падлеткамі. Мне спадабалася, і нашым дзецям – таксама. Гэта і нядзіўна: праграма была насычанай, арганізавана ўсё на вышэйшым узроўні, да таго ж летнік размяшчаецца на беразе Нёмана ў прыгожым месцы. Словам, усё было супер!
Крысціна Юргелянец.
