Як адзначылі ў Астраўцы Дзень пажылых людзей
Галоўны, непадуладны людзям падарунак да Дня пажылых людзей не толькі героям свята, але і ўсім жыхарам Беларусі зрабіла прырода. Наступіла так званае бабіна лета – найлепшая асенняя пара з пранізліва-сінім небам; чыстым, узбадзёрваюча-халаднаватым ранкам і пяшчотна-цёплым удзень паветрам; філасофска-супакойваючым шамаценнем апалага лісця пад нагамі; з рознакаляровымі букетамі з кляновых лістоў і бязважкімі павуцінкамі, якімі затканы дрэвы і кусты… А людзі пастараліся дапоўніць і расквеціць гэтае жоўта-блакітнае палатно яркімі фарбамі, цёплымі словамі, кветкамі, падарункамі, песнямі…
Зала шматфункцыянальнага культурнага комплексу, дзе 1 кастрычніка прайшло святочнае мерапрыемства да Дня пажылых людзей, была перапоўнена. Праўда, назваць прыгожых, усмешлівых, падцягнутых мужчын і жанчын пажылымі язык не паварочваўся, але ж лічбы ў пашпарце не заўсёды адпавядаюць стану душы і нават знешняму абліччу.
Многія яшчэ на ўваходзе спыняліся, каб зрабіць званок у маладосць у імправізаванай тэлефоннай будцы ці пагушкацца на арэлях часу…
А ў зале гасцей чакала святочная атмасфера. З віншаваннямі маладым душой і няўрымслівым прыйшлі кіраўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый, артысты і валанцёры.
– Гэты дзень у календары – не проста дата, а цудоўная магчымасць выказаць словы глыбокай павагі і прызнання прадстаўнікам старэйшага пакалення. Вы – залаты фонд Астравеччыны, захавальнікі лепшых традыцый, мудрасці і сапраўднага патрыятызму. Менавіта вы стварылі трывалы фундамент, на якім сёння мы будуем будучыню суверэннай Беларусі, – сказаў, адкрываючы сустрэчу, старшыня райвыканкама Руслан Жукоўскі.
Руслан Міхайлавіч пажадаў ветэранам моцнага здароўя на доўгія гады, невычэрпнай бадзёрасці духу і душэўнага спакою, а ўсім астраўчанам – каб беражлівыя адносіны да прадстаўнікоў старэйшага пакалення былі справай не аднаго святочнага дня, а штодзённым клопатам і абавязкам.
Старшыня райвыканкама ўручыў Падзячны ліст Тарэсе Драган, шматгадоваму адказнаму сакратару камісіі па справах непаўналетніх, якая і цяпер знаходзіцца ў страі актыўных і няўрымслівых.
Са словамі захаплення людзьмі так званага элегантнага ўзросту і ўдзячнасці за іх працу і актыўную жыццёвую пазіцыю выйшаў на сцэну старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Генадзь Бычко.
– Узрост, у якім сёння знаходзіцца большасць прысутных, – прывілея, якая даецца далёка не кожнаму. Па статыстыцы, толькі крыху больш за 60% людзей дажываюць да 65 гадоў. Я вам жадаю, каб кожны пакінуў пасля сябе гены, якія будуць жыць праз стагоддзі, і, як у песні, вашы дзеці і іх дзеці будуць спяваць вашымі галасамі.
Падзячным лістом старшыні райвыканкама Генадзь Паўлавіч узнагародзіў ветэрана педагагічнай працы Пятра Каранеўскага, каштоўнымі падарункамі ад партыі “Белая Русь” – намесніка старшыні раённага савета ветэранаў Аляксандра Жука і члена прэзідыума гэтай грамадскай арганізацыі Сяргея Шэіна.
У гэты дзень былі ўзнагароджаны пераможцы агляду-конкурсу “Ветэранскае падвор’е – 2026”: дыпломы і каштоўныя падарункі атрымалі Тамара Лукша, Тарэса Малочка і Ларыса Мартынава.
Кіраўнікі грамадскіх арганізацый раёна адрасавалі цёплыя і сардэчныя словы прадстаўнікам старэйшага пакалення і адзначылі сваіх актывістаў. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога аб’яднання савета ветэранаў ўзнагароджана адказны сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Кляпец. Званне “Ганаровы ветэран” прысвоена шматгадоваму загадчыку раённага аддзела культуры, актывістцы ветэранскага руху Дануце Чарнушэвіч. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Баніцэвіч уручыла каштоўныя падарункі ветэранам працы, якія па-ранейшаму застаюцца ў страі: Ніне Рыбік і Надзеі Шарэйцы. Раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” узнагародзіла настаўніка матэматыкі гімназіі №1 Галіну Ражко. Падзякамі райкама прафсаюзаў работнікаў АПК адзначаны Валянціна Базюк і Рычард Турчыновіч. Раённая арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі падзякавала за шматгадовую працу і актыўную жыццёвую пазіцыю Ірыне Тумко. А прафсаюзная арганізацыя ПМС уручыла не толькі падарунак ганароваму меліяратару, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі прадспрыемства Лідзіі Сухажэўскай, але і сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы раённаму савету ветэранаў.
…“А памятаеш, Коленька, наша вяселле?” “Глядзі, Люся, я свой камсамольскі значок знайшоў!” “Бабуля, дзед, як вы жылі без смартфонаў? Няўжо вам не было сумна?”
Таленавітая тэатралізацыя ў выкананні Вольгі Васілеўскай, Уладзіміра Крыўца, Марыі Няфёдавай і Ігната Урбановіча ў многіх абудзіла ўспаміны пра сваю маладосць, а песні і харэаграфічныя нумары ад ветэранскіх калектываў і вядучых астравецкіх артыстаў дадалі ў настрой лёгкія настальгічныя ноткі па мінулай маладосці і адначасова – радасці і гонару за сваіх дзяцей і ўнукаў.
“Восень жыцця трэба не толькі прымаць – ёй варта любавацца,” – з гэтымі словамі вядучых нельга не пагадзіцца.
І ўсе, хто былі ў у той дзень у зале, любаваліся – адзін адным і залатой восенню.
З першых вуснаў
Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:
– Дзень пажылых людзей – важная нагода нагадаць пра непарыўную сувязь усіх беларусаў. Павага да старэйшых, як сказаў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні з гэтым святам, ляжыць у аснове нашага нацыянальнага коду. Гэта сардэчнае, добрае свята, у якім захавалася шчырасць і душэўная цеплыня.
Мы ўдзячны за пастаянны клопат пра людзей старэйшага пакалення. Пенсіянеры могуць пры жаданні працаваць, наведваць спартыўныя ўстановы, прычым бясплатна, дзейнічае клуб “Актыўнае даўгалецце”. Цёплым домам стаў ТЦСАН, заўсёды рады бачыць пажылых ва ўстановах культуры. Словам, нам цяпер толькі жыць і жыццю радавацца. Што нашы пенсіянеры і робяць!
Валянціна і Марыя Якаўлеўна Палешчукі, гледачы.
Валянціна:
– Некалі ў хоры ветэранаў і ў “Світанку” спявала мая светлай памяці матуля Ірына Стэх, і ў мяне выступленні гэтых калектываў абуджаюць светлыя ўспаміны. Мамы няма 6 гадоў, і другі год я прыходжу на гэтае свята са свякроўкай. Яна пераехала ў Астравец з Пінскага раёна 25 гадоў таму, і з таго часу мы жывём па-суседску.
Марыя Якаўлеўна:
– 87 гадоў мне, ужо 15 праўнукаў маю. Нявестка вельмі харошая, клапоціцца пра мяне, каб не сумавала. На канцэрт вось прывезла. Вельмі спадабаўся, дзякуй арганізатарам.
Ларыса Мартынава, пераможца агляду-конкурсу “Ветэранскае падвор’е – 2026”:
– У мяне няма ўласнага падвор’я, але я больш за 20 гадоў таму разбіла клумбы каля свайго шматкватэрнага дома і з таго часу даглядаю іх. Сёлета, праўда, зменшала колькасць: з дзевяці засталося пяць. Некаторыя пытаюць: навошта вам гэта трэба? Адказваю: “Планету ўпрыгожваю!” Так, здаралася, што кралі і кветкі, і дрэвы. Калі акуратна вырвуць, яшчэ і капейкі пакладуць – каб не зводзілася. А здаралася, што па-варварску выдзіралі. Перш злавалася, крыўдзілася. А цяпер думаю: хай сабе! У мяне разрастуцца ізноў, а ў некага, магчыма, таксама расцвітуць.
ЛІЧБЫ
18,5% жыхароў Беларусі – людзі пенсійнага ўзросту.
73% пенсіянераў жывуць у горадзе, 26,65 – на вёсцы.
У краіне 45 000 доўгажыхароў – людзей, якім больш за 90 гадоў. У Астравецкім раёне такіх 147 чалавек, 129 з іх – жанчыны.
75,2% пенсіянераў з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту.
У мінулым годзе ў Беларусі ўступілі ў шлюб больш за 1 000 мужчын і 700 жанчын старэй 65 гадоў.