Як аднавяскоўцы даведаліся, што Рыта Ракіцкая з Варнян піша вершы

Побач з намі жывуць людзі, пра таленты якіх мы нават падумаць не можам. І толькі дзякуючы лёсавызначальнай выпадковасці, яны, нібыта схаваныя скарбы, выплываюць на паверхню, каб парадаваць іншых сваім таямнічым бляскам. Такім адкрыццём для вяскоўцаў, якія напрыканцы мінулага года завіталі на літаратурную вечарыну ў Варнянскую сельскую бібліятэку-клуб, стаў паэтычны талент Рыты Ракіцкай. 

– Пра тое, што наша зямлячка піша вершы, падказала загадчык філіяла дзіцячай школы мастацтваў Марына Кіб. Хоць Рыту Леанардаўну я ведала дастаткова даўно – яна часты госць у нашай бібліятэцы, але пра яе паэтычную адоранасць пачула ўпершыню, – расказала бібліятэкар Марына Мацкела. – На вечарыне да Дня пажылых людзей Рыта Леанардаўна згадзілася прачытаць некалькі вершаў, яны мяне ўразілі, таму пазней і зладзілі літаратурны вечар. 
Прыгажосць прыроды і любоў да роднай старонкі, веліч варнянскага касцёла, прысвячэнні дзецям – жанчына не абмяжоўваецца адной тэмай. Праўда, у сваім таленце нічога звышнатуральнага не бачыць і напачатку катэгарычна адмаўлялася ад размовы.  

– Вершы пачала пісаць у школьным узросце і ніколі з гэтым заняткам не развітвалася. Праўда, некалькі дзесяцігоддзяў рабіла гэта ў стол, – падзялілася жыхарка Варнян. – Аднойчы ў мяне нарадзіўся верш, прысвечаны невядомаму салдату, які пахаваны на мясцовых могілках. Ад сваякоў ведала, што наша сям’я нейкім чынам звязана з гэтай гісторыяй, але падрабязнасці, на жаль, не захаваліся. Патэлефанавала светлай памяці Таццяне Нікіфараўне Волкавай. Яна мне расказала, што, аказваецца, загінулага салдата ноччу пахавалі мой бацька і яго родны брат – яны былі падпольнымі савецкімі актывістамі. 

Так Рыта Ракіцкая даведалася пра важную справу, якую здзейснілі ў свой час яе блізкія, а Таццяна Волкава – пра паэтычны талент аднавяскоўкі. 

– Такім чынам мне давялося раскрыцца, што пішу вершы, – з усмешкай працягнула суразмоўца. – Мяне могуць натхніць любыя рэчы, пачынаючы ад прыгожага захаду сонца да прагледзенага ўвечары фільма. Публічнасці не люблю, таму зрэдзьчасу вершы чытаю толькі блізкім сяброўкам. 
Верыцца, што лістападаўскі літаратурны вечар – далёка не апошні бенефіс нашай зямлячкі! 

Фота з архіва Варнянскай бібліятэкі-клуба. 




Текст: Алёна Ганулич