Як прайшоў суботнік у Астравецкім раёне
21 красавіка прайшоў агульнарэспубліканскі суботнік.
У Астравецкім раёне ўдзел у ім прынялі 8390 чалавек, што склала 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, і больш 700 пенсіянераў, вучняў, беспрацоўных. За гэты дзень у фонд суботніка было пералічана 54 мільёны рублёў.
Як паведамілі ў райвыканкаме, падчас рэспубліканскага суботніка першарадная ўвага была нададзена добраўпарадкаванню населеных пунктаў раёна, лесапаркавай зоны Астраўца, ачыстцы берагоў рэк і вадасховішчаў ад бытавога смецця, прывядзенню ў парадак месцаў пахавання воінаў.
Прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна працавалі на сваіх адміністрацыйных тэрыторыях. Супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, упраўлення капітальнага будаўніцтва, архітэктуры, райгазу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбіралі лесапаркавую зону Астраўца і прылягаючую тэрыторыю да помніка савецкіх воінаў і партызанаў.
Работнікі раённага спажывецкага таварыства наводзілі парадак на тэрыторыях аб’ектаў гандлю, вакол гарадскога рынку, на берагах ракі Лоша.
Падчас суботніка супрацоўнікі аддзела адукацыі займаліся добраўпарадкаваннем дзіцячага аздараўленчага летніка “Ластаўка” і прышкольных тэтыторый. 1057 прадстаўнікоў адукацыі, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскім суботніку, зарабілі 29 мільёнаў 192 тысячы рублёў.
Працаўнікі лясгаса прыбіралі лясныя масівы і зоны адпачынку ўздоўж дарог – яны пералічылі ў фонд суботніка 16 мільёнаў рублёў. Па ініцыятыве адміністрацыі лясгаса і аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама была арганізавана пасадка лесу, удзел у якой прынялі прадстаўнікі ўсіх арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Медыцынскія работнікі таксама прымалі ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Яны зарабілі 11 мільёнаў 340 тысяч рублёў.
Актыўна ўдзельнічалі ў суботніку ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай” – пагранічнікі навялі парадак на брацкіх магілах у Гудагаі і Кямелішках, а таксама ўдзельнічалі ва ўборцы лесапаркавай зоны ў Астраўцы.
Удзел у суботніку прыняў ваенна-духавы аркестр Смаргонскай пагранічнай групы, які выступіў каля помніка савецкіх воінаў і партызанаў у Астраўцы – артысты стварылі святочны настрой і ўрачыстую атмасферу ўдзельнікам рэспубліканскага суботніка.
Удзельнічалі ў суботніку і члены сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна. Іх прадстаўнікі добраўпарадкавалі тэрыторыі сваіх месцаў працы. Самымі актыўнымі аказаліся жывёлаводы ферм “Германішкі” СВК “Гудагай”, комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы СВК “Гервяты”, МТФ “Міхалішкі” і “Страчанка” СВК “Міхалішкі”, “Варняны” СВК “Варняны”.
У дзень суботніка адміністратыўныя работнікі СВК “Варняны” працавалі на падборцы камянёў, а таксама на добраўпарадкаванні тэрыторый каля адміністрацыйных будынкаў. Механізатары вялі пасеў ранніх яравых культур. За суботу работнікі СВК “Варняны” зарабілі 6 мільёнаў 230 тысяч беларускіх рублёў.
Старасты вёсак арганізавалі жыхароў на ўборку тэрыторый каля сваіх дамоў і вясковых могілак. Падчас суботніка была ўстаноўлена агароджа каля сельскіх могілак у вёсцы Вераб’і Спондаўскага сельсавета. А жыхары пасёлка Гудагай сумесна з работнікамі сельвыканкама прыбралі несанкцыянаваную смеццезвалку ў пасёлку.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.