Як працаваць з адораным вучнем вырашалі на раённай канферэнцыі
Менавіта гэтае пытанне было галоўным падчас раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў “Адораныя дзеці: выяўленне, навучанне, развіццё”, якая прайшла на мінулым тыдні на базе гімназіі №1 г.п. Астраўца.
На раённы конкурс было пададзена 15 заявак. А на канікулах педагогі прыехалі ў Астравец, каб падзяліцца сваім вопытам работы па развіцці здольнасцей дзяцей па розных прадметах.
У кожнага з іх ёсць свае напрацоўкі і ўжо правераныя гадамі і вопытам методыкі. Менавіта пра іх і расказвалі настаўнікі. І кожны быў дастойны называцца лепшым. Але па меркаванні строгага журы педагагічны вопыт толькі чатырох настаўнікаў быў прызнаны лепшым у раёне, а педагогі – настаўнікі фізікі і астраноміі гімназіі №1 Г.В. Внуковіч, працоўнага навучання Гудагайскай школы Т.У. Грыва, беларускай мовы і літаратуры Мальскага НПК В.Р. Нікалайкава і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Варнянскага НПК А.І. Юркойць – узнагароджаны граматамі аддзела адукацыі.
Цяпер напрацоўкі астравецкіх педагогаў прымуць удзел у абласным завочным туры і, трэба спадзявацца, будуць высока ацэнены абласным журы. А ў хуткім часе педагогаў запросяць ужо на абласную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную абмеркаванню вопыту работы з адоранымі дзецьмі.
Алена ЯРАШЭВІЧ.