выявлены нарушения правил рыболовства
Падчас дзеяння забароны на лоўлю рыбы Смаргонскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлена пятнаццаць парушэнняў правілаў рыбалоўства.
Адно парушэнне ўвогуле “пацягнула” на крымінальнае злачынства. На возеры Белае, што ў Смаргонскім раёне, двое грамадзян з дапамогай сетак незаконна налавілі рыбы на 100 базавых велічынь, што складае 18 360 тысяч рублёў.
Вясной інспектары знайшлі ў парушальнікаў 18 сетак, агульнай даўжынёй 825 метраў і 21 кілаграм незаконна здабытай рыбы.
Браканьеры імкнуцца здабываць рыбу рознымі спосабамі: устаноўкай стаўных сетак на лодках і ўзаброд, сплавам, з выкарыстаннем так званых “тэлевізараў”, “павукоў”, “жывадзёраў”. Так, да прыкладу, жыхар Ашмянскага раёна на вадасховішчы ракі Лейлубка ўзаброд расставіў сеткі даўжынёй 20 метраў. У пастку трапіліся ўсяго чатыры рыбкі, але за іх давядзецца заплаціць, акрамя штрафу, яшчэ амаль 5 мільёнаў рублёў.
Пра ўсе вядомыя вам факты браканьерства паведамляйце на кругласутачную “гарачую лінію” па тэлефоне 8(01592) 32-6-74.
«Залатая» рыбка
Напачатку ліпеня супрацоўнікі Смаргонскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету выявілі аматараў незаконнай рыбалкі на возеры Тушча ля вёскі Леановічы Смаргонскага раёна.
Два жыхары Мядзельскага раёна незаконна лавілі рыбу з выкарыстаннем 15 сетак з лескі агульнай працягласцю 535 метраў. Яны здабылі 23 ліня, 17 карасёў залатых, 4 акуні. Агульная вага рыбнага “трафею” склала 19,1 кілаграма. Сваімі незаконнымі дзеяннямі гора-рыбакі нанеслі шкоду навакольнаму асяроддзю больш чым на 45 мільёнаў рублёў.
Варта адзначыць, што адзін з парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства пры затрыманні аказаў супраціўленне, пагэтаму да яго была прыменена фізічная сіла. На месца здарэння прыехала следчая група. Матэрыялы па гэтым факце накіраваны ў Смаргонскі РАУС для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Рыбка, здабытая незаконным шляхам, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе аказалася “залатой”.
-----------------------------------------------------------------------------------------
Сяргей ГАРБАЦЕНКА, начальнік Смаргонскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

